Дэзынфармацыя і «бульбандэраўцы». На расейскіх каналах кажуць пра пераслед рускамоўных у Менску


Адзіная Канстытуцыя, суд і парламент – пакуль немагчымыя. Іншая рэч – валюта і падаткі. Гэтак Сяргей Лаўроў выказаўся наконт дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы паміж Беларуссю і Расеяй. Міністр замежных справаў Расеі падкрэсліў, што агульнаю мае быць толькі эканоміка і гандаль. У той жа час расейскія федэральныя каналы ўжо выпускалі сюжэты пра тое, што ў Менску нібыта пераследуюць расейскамоўных. Да раскручвання беларускай тэмы падключыліся і блогеры. Чаму гэта небяспечна, і як адрозніць навіны ад дэзынфармацыі – Яраслаў Сцешык.

Расейскія федэральныя каналы ўжо выпускалі сюжэты, што ў Менску нібыта пераследуюць рускамоўных людзей. Да раскручвання беларускай тэмы падключыліся і блогеры. Чым гэта небяспечна, і як рэагаваць беларускаму грамадству?

Дэзынфармацыя пра пераслед расейскамоўных у Беларусі не абавязкова мусіць ісці праз тэлевізар. Вось узорны прыклад. Жыхар Смаленску Сяргей Цярэшчанкаў праз сацыяльныя сеткі распавёў, што ягонага сябра ў Менску група беларусаў прывучала гаварыць па-беларуску:

«Мой сябар, выбачыўшыся, папрасіў размаўляць з ім па-расейску, гэтыя тыпы закрычалі «Акупант! Чамадан-вакзал-Расея!» Спрабавалі з ім біцца, ударылі ягонае дзіця… Мой сябар некалькімі ўдарамі патлумачыў апанентам, што яны не маюць рацыі. Вырадкі збеглі. Паліцыя нават не з’явілася!»

Расейцы каментавалі допіс вельмі эмацыйна, але калі Цярэшчанкава папрасілі распавесці падрабязнасці, каб спраўдзіць праўдзівасць гісторыі, той усё выдаліў. Аказалася, што Цярэшчанкаў – смаленскі бард і гандляр панчохамі на рынку, сімпатызуе баевікам ДНР і ЛНР і не раз ездзіў на Данбас. А цяпер кажа пра прыгнёт расейскамоўных у Беларусі.

«Гэта ўсё адбываецца ў межах інфармацыйнай вайны, якую Расея вядзе супраць Беларусі ўжо даволі доўгі час. Паўтараюцца тыя ж наратывы, што былі выкарыстаныя супраць Украіны і перад вайной, і падчас вайны», – ацэньвае апошнія інфармацыйныя атакі Дзяніс Івашын, валанцёр-расследвальнік «Informnapalm.Org».

Падобныя інфармацыйныя ўкіды добра памятае былы жыхар Луганску, украінскі журналіст Яўгеній Спірын. Яшчэ да ўцёкаў Януковіча ў Расею там ішло нагнятанне страху і нянавісці. І расейскія СМІ, і блогеры распавядалі характэрны сюжэт, які аказаўся поўнай прыдумкай.

«Ён называўся «70 аўтобусаў з бандэраўцамі», – узгадвае Яўгеній Спірын, – Прычым колькасць аўтобусаў змянялася: 30, 40, потым стала 70. І яны нібыта мусілі прыехаць з Кіева ў Луганск, захапіць адміністрацыйныя будынкі».

Затое не прыдуманымі аказаліся «зялёныя чалавечкі», якія прыехалі з Расеі на бронетэхніцы без нумароў абараняць расейскамоўных Украіны. Бо ў Данецкай і Луганскай вобласці расейскія тэлеканалы падрыхтавалі для гібрыдных сілаў адносна лаяльнае насельніцтва.

«Сёння прапаганда працуе рознымі шляхамі, і новыя медыі – сацыяльныя сеткі – гэта адзін са шляхоў. Галоўнае для нас, для грамадства – не паддавацца паніцы, не тыражаваць фэйкі, у тым ліку з негатыўнай рэакцыяй», – падкрэслівае аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка.

Ён лічыць, што інфармацыйны ціск на Беларусь – гэта фон для сённяшніх эканамічных перамоваў між Лукашэнкам і Пуціным:

«Гэта стыль расейскай улады, калі ў перамовах яны ўзмацняюць свае пазіцыі разнастайнымі інструментамі, у тым ліку, магчыма, і такімі. Але гэта агульная медыйная стратэгія, і не трэба бачыць у кожнай маленькай праяве вялікую пагрозу».

Што рабіць грамадзянам? Захоўваць інфармацыйную гігіену: правяраць інфармацыю, не распаўсюджваць няспраўджанае і захоўваць спакой.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu