Дэзінфекцыя ад інфекцыі. Як сталічныя сэрвісы змагаюцца з каронавірусам.


Ад трох гадзінаў і да трох дзён: столькі на розных паверхнях жыве COVID-19, высветлілі амерыканскія навукоўцы. Дотык да прадмета, на якім ёсць вірус, – адзін з магчымых шляхоў заражэння каронавіруснай інфекцыяй. Таму сэрвісныя службы пільна ставяцца да дэзынфекцыі. У час пандэміі бяспека кліентаў – перадусім. Сталічная служба таксі ўжо некалькі тыдняў узмоцнена дбае аб дэзынфекцыі сваіх машынаў.

«Перад пачаткам працы кіроўца прыязджае ў пункт агляду, дзе ён павінен прайсці лекара і механіка. І ў гэты момант ён самастойна праводзіць антысептычнае апрацоўванне свайго аўтамабіля: апрацоўвае ручкі дзвярэй, рамяні бяспекі і зашчапкі ад іх, таксама заднюю частку пярэдняга падгалоўніка і панэль», – кажа Юлія Сандзюк з аддзела развіцця службы таксі 135.

А калі не таксоўка, то, магчыма, не менш папулярны ў менчукоў электрасамакат. Едзеш ім сам, шанцаў заразіцца – куды меней, чымся ў грамадскім транспарце ды нават у таксі. Менскі сэрвіс «Eleven» апрацоўвае свае самакаты антысептыкамі, але заклікае карыстальнікаў не забывацца аб уласнай бяспецы.

«Перадусім трэба клапаціцца аб сваёй бяспецы, аб сваім здароўі самастойна. Мы рэкамендуем апрацоўваць рукі. Калі ёсць магчымасць дадаткова апрацоўваць рукі, насіць маскі, пальчаткі – мы, безумоўна, пра гэта гаворым», – тлумачыць прадстаўнік кампаніі Александр Уельскі.

Яшчэ больш пільнасці мусяць выказваць працаўнікі ўстановаў грамадскага харчавання. Пакуль у Беларусі яны збольшага адкрытыя, то ўласнікі ўводзяць дадатковыя захады бяспекі. Паўсюль стаяць антысептыкі, сталы размешчаныя такім чынам, каб паміж наведнікамі была адлегласць паўтара метра. У працаўнікоў мераюць тэмпературу, а збіраюць замовы яны ў масках.

«З самага пачатку, яшчэ ў сакавіку мы аднымі з першых увялі маштабныя захады бяспекі. Больш за 1700 працаўнікоў нашай кампаніі няўхільна прытрымліваюцца самых высокіх стандартаў гігіены, чысціні і якасці ежы для бяспекі нашых гасцей», – тлумачыць кампанія.

Жыхары сталіцы па-рознаму дбаюць пра сябе падчас пандэміі: хтосьці карыстаецца антысептыкамі ды носіць маску, іншыя ж наагул сумняваюцца, ці вірус настолькі страшны, як яго малююць.

«Я часам хаджу з пальчаткамі, апроч сёння – мае парваліся. Мыю заўсёды рукі з мылам, антысептыкам карыстаюся».

«Я сама медык, таму для мяне гэта актуальна. Вось на дадзены момант я без маскі, таму што няма шчыльнага кантакту».

«Мыццё рук, менш перасоўванняў па горадзе. Зараз мне проста вельмі тэрмінова трэба».

«Антысептыкі купляць, маскі надзяваць у метро – і ўсё. Больш нічога не трэба».

«Галоўнае – я не панікую. І не чытаю навінаў».

Вакцыны ад каронавіруснай інфекцыі пакуль што не існуе, але адмыслоўцы раяць прытрымлівацца правілаў бяспекі. Варта насіць маску ў публічных месцах – гэта дазволіць не заразіць іншых, апрацоўваць рукі антысептыкам ці мыць мылам мінімум 20 секундаў. І прытрымлівацца дыстанцыі мінімум паўтара метра.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»