Дэтэктыўная гісторыя каля Слуцку: з прыватнай гаспадаркі зніклі 22 быкі


Разабрацца ў сітуацыі «Белсат» папрасіла гаспадыня быкоў – Людміла Бруй. Разам з маці яны больш за 10 гадоў гадуюць жывёлу, а на мінулым тыдні, калі жанчын не было ўдома, быкі зніклі. І толькі праз 4 дні Людміла знайшла іх у суседнім калгасе «Вітка-Агра». Аднак не ўсіх.

«Забралі 22 галавы, тут засталіся толькі 21. Ну вось жанчына з Акцябра сказала мне, што адзін бык у вас памёр. І сказала, што, мабыць, ад перадазавання снатворным. А сусед сказаў, што вось гэтага бычка нашага… стралялі, стралялі, а ён усё не засынаў і стаяў. Атрымліваецца, яны яго і забілі гэтым», – расказала Людміла Бруй.

Паводле Людмілы, жывёлу грузілі нядбайна, і цяпер у быкоў параненыя ногі ды спіны. Хто адказны за быкоў і куды знік адзін з іх, даведацца не ўдалося. Дырэктар калгасу ад каментароў адмовіўся. Загадчыца ж фермы «Вітка-Агра» патлумачыла, што жывёліны прыехалі ў дрэнным стане і толькі 21 галава.

«Па справаздачах, у мяне няма іх». – «У сэнсе, яны вам прывезлі не па дакументах іх? Вы за іх не адказваеце?» – «Вядома, не».

Паводле нашай інфармацыі, падставаю для забірання сталіся і ўмовы ўтрымання жывёлы, і частыя скаргі суседзяў на свабодны выпас быкоў.

«Мы пісалі разы тры ў райвыканкам, каб стварылі камісію і праверылі вось гэтыя агароды, на якія складаюць нібыта факты патравы. А яны не прыязджаюць. Ніхто. Усе адмаўляюць. Гэта ж атрымліваецца ўжо наўмысна. Калі мы вінаватыя – прыедзьце, пацвердзіцца», – кажа гаспадыня жывёлы Людміла Бруй.

Ні судовых рашэнняў, ні пастановаў аб канфіскацыі, якія давалі б законнае права адабраць жывёлу, жанчына не бачыла і лічыць, што быкоў у яе скралі. Даведацца пра існаванне судовай пастановы паспрабавалі ў старшыні Беліцкага сельсавету Галіны Валюкевіч:

«Судовае? Вядома, будзе пастанова». – «У сэнсе «будзе», яна ўжо ёсць, ці быў які-небудзь суд?» – «Ну, суд? Пройдзе».

Паводле старшыні, умовы ўтрымання жывёлы былі жорсткія і пакідаць іх там было немагчыма. На сустрэчу з журналістамі выйшлі мясцовыя, якія пацвердзілі, што быкі знішчаюць чужыя гароды і палохаюць жыхароў, а гаспадыня на заўвагі не рэагуе. І гэтай праблеме не першы год, кажуць мясцовыя.

«Мясцовыя ўлады не прымалі ніякіх мераў. Давялося звяртацца вышэй». – «А мясцовыя колькі не прымалі ніякіх мераў?» – «8 гадоў».

«Сюды прыязджала і санстанцыя. Яны нам адказалі, што мы толькі да плота можам іх пакараць».

«Яна любіць жывёлу. А тое, што выцягвалі гэтых жывёлінаў, – яны ляжачыя былі, і не вядома, у чым яны ляжалі там, гэта нікога не хвалявала».

«У іх гэтыя быкі па 10–15 гадоў. Я кажу: «Люда, вы б здалі гэтых быкоў і зʼездзілі ў Егіпет на два тыдні, што толку, што ты ішачыш на іх». А яна кажа: «У кагосьці кацяня, а ў мяне бык».

Як будзе развівацца гісторыя далей, даведацца ў райвыканкаме Слуцку не ўдалося: на тэлефанаванні не адказваюць цягам дня.

Алена Дубовік, «Белсат»