Аб'ектыў 29.06.2018 Дэпутаты прыдумалі, дзе знайсці грошы на пенсіі


Павялічыць пенсійны ўзрост жанчын да ўзроўню мужчынскага. Гэта, паводле крыніцаў Naviny.by, абмяркоўваецца цяпер у Нацыянальным сходзе. Прычына – хранічны недахоп грошай у пенсійным фондзе. Між тым, заробкі і, адпаведна, адлічэнні ў фонд павялічваюцца, а пенсіі – практычна не.

Згодна са звесткамі Нацбанку, сёлета ў красавіку, пасля аднаразовага павелічэння, прыбыткі пенсіянераў упершыню за год на паўадсотка абагналі інфляцыю.

Праўда, як заявіў сёння ў Нацыянальным сходзе намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко, сёлета прыбыткі грамадзянаў, якія сваё адпрацавалі, павялічацца яшчэ раз. Але, на думку адмыслоўцаў, у параўнанні з заробкамі, якія, з улікам інфляцыі, павялічыліся сёлета на 13,5 %, рост пенсіяў застанецца ў разы меншы.

Намеснік Камітэту дзяржкантролю Аляксандр Курлыпа, выступаючы на гэтым тыдні ў Палаце прадстаўнікоў, тлумачыць пенсійны крызіс старэннем насельніцтва, ільготамі некаторым грамадзянам у выплатах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама стымуляваннем нараджальнасці з 2011-га да 2013-ты года, з-за якога нашмат большая частка сродкаў фонду ідзе цяпер на падтрыманне маладых бацькоў. Як вынік, маўляў, улады не могуць павялічваць выплатаў пенсіянерам адпаведна росту паступленняў у фонд. Плюс вымушаныя ўвесь час павялічваць пенсійны ўзрост і стаж.

«Я прыхільнік таго, каб павялічваць паступова пенсійны ўзрост на 3 гады», – заяўляў Лукашэнка.

Але, адмыслоўцы папярэджваюць, што праблема можа ўзнікнуць з тым, каб працаўладкаваць тых грамадзянаў, якім, у свае 60 гадоў, давядзецца шукаць заробку яшчэ на паўтара года, а з 2022-га – на тры лішнія гады.

На думку адмыслоўцаў, улады хаваюць сапраўдную прычыну крызісу пенсійнай сістэмы. Насамрэч яе спрычыняе штогод большае беспрацоўе і выезд на заробкі за мяжу.

«У нашай краіне больш за мільён людзей знаходзяцца ў працоўнай эміграцыі», – кажа эканаміст Леў Марголін.

Як паведамляе БелаПАН, цяпер у Нацыянальным сходзе абмяркоўваецца магчымасць асобна павялічыць пенсійны ўзрост для жанчын. На думку эканамістаў, кардынальнага развязання праблемы гэта не прынясе. Між тым, ад рынкавых рэформаў, якія Міжнародны валютны фонд прапаноўвае, сярод іншала, для таго, каб вярнуць у Беларусь сотні тысяч плацельнікаў у пенсійны фонд, улады дагэтуль адмаўляюцца.

Станіслаў Івашкевіч; фота – Віктар Гумінскі/ITAR TASS/БелТА

Глядзі таксама
Каментары