Аб'ектыў 08.11.2019 Дэпутаты парламенту Новай Зеландыі разгарнулі вайну паміж пакаленнямі


Бітва пакаленняў разгараецца ў Новай Зеландыі на самым высокім узроўні: дэпутаты парламенту мелі розныя меркаванні і ў выніку спрэчкі перайшлі на папраканне адно аднаго ўзростам. Што рознага ў мысленні міленіялаў і бумэраў?

«Окей, бумэр» – кастрычніцкі інтэрнэт-мэм, што мае выражаць бясконцую стомленасць маладога пакалення павучаннямі з боку старэйшых. Як гэта часцяком бывае ў 21 стагоддзі, інтэрнэт-культура прарываецца ў офлайн.

Хлоя Суорбрык, дэпутатка парламенту Новай Зеландыі:

«У 2050 годзе мне споўніцца 56. Аднак цяпер сярэдні ўзрост гэтага, 52-га, парламенту складае 49 гадоў. Окей, бумэр. Цяперашнія палітычныя інстытуты паказалі сябе некампетэнтнымі для мыслення па-за межамі кароткага палітычнага тэрміну», – заявіла прадстаўніца Партыі зялёных Хлоя Суорбрык у парламенце Новай Зеландыі.

25-гадовая дэпутатка, распавядаючы пра змены клімату, пачула кпіны наконт свайго ўзросту з боку старэйшага калегі. Жанчына гэткім чынам нагадала, што гэта пакаленне, чыіх прадстаўнікоў найболей ва ўладзе і якое адказнае за большасць ці то кліматычных, ці то палітычных праблемаў нашага свету.

Адмыслоўцы мяркуюць, што моладзь трохі перабольшвае. Рычард Фрай, старэйшы эканаміст даследчага цэнтру П’ю:

«З гледзішча змены клімату і выкарыстання выкапнёвага паліва можна было б сказаць, што бэйбі-бумэры штосьці спасавалі. Але, калі паглядзець на ўсю карціну перадусім з эканамічнага гледзішча, я б сказаў, што ранейшыя пакаленні шмат у чым узбагацілі нашае грамадства».

Гэтак званыя бумэры паводле тэорыі пакаленняў Гоў–Штраўса – гэта асобы, народжаныя падчас дэмаграфічнага выбуху пасля Другой сусветнай вайны. То бок з 1945 да 1963 года. Міленіялы ж, або пакаленне ігрэк – тыя, хто сустрэў новае тысячагоддзе ў юнацтве і нарадзіўся ў перыяд з 1981 да 1996 года. Дарэчы, такіх у беларускай вертыкалі няшмат. Сярэдні ўзрост дзейнага беларускага дэпутата – 53 гады.

Але ці істотны век для электарату? Жыхары Магілёва:

«Ну, напэўна, чалавек пасля 30 больш сфармаваны як асоба і больш выразна будзе адказваць за свае дзеянні».

«Пасля 30, бо досвед жыццёвы, я думаю, большы, як у маладога. Ну і, натуральна, нейкія жыццёвыя пазіцыі ў больш старэйшага пакалення, я думаю, ужо склаліся».

«Я буду глядзець на перадвыбарчую праграму, а не на ўзрост. Гэта не павінна неяк перасякацца, у існасці. Галоўнае тое, што чалавек прапануе».

«Я, хутчэй за ўсё, за маладога. Усё-такі маладыя, перспектыўныя, мне здаецца, нейкія зрухі могуць у развіцці нашага гораду штосьці прапанаваць, чым ужо старэйшае пакаленне».

«Ну, пэўна, выберу старэйшага, бо ў яго больш досведу».

Тым часам у першых і, паводле міжнародных назіральнікаў, адзіных вольных прэзідэнцкіх выбарах у нашай краіне перамог уласна прадстаўнік бумэраў. Тады 30-гадовы Аляксандр Лукашэнка ўпэўнена абышоў сваіх супернікаў – прадстаўнікоў папярэдняга, гэтак званага маўклівага, пакалення.

Віктар Старавойтаў belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары