Дэпутаты пачулі актывістак руху «Маці 328»


Магілёў, Гомель, Мазыр, Жлобін, Калінкавічы – сваякі асуджаных паводле 328-га артыкулу Крымінальнага кодэксу прыехалі з усёй Беларусі, адмыслова, каб трапіць на адкрыццё восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў. Таццяна Канеўская з Руху маці 328 ужо пасля сустрэчы з дэпутатамі не хавае аптымізму і кажа: нас пачулі.

Таццяна Канеўская, рух Маці 328:

«Тое, што нам абяцаюць, – гэта законапраект, прадстаўлены Саўмінам, зніжэнне ніжняга парогу па 2-ой і 3-яй частках артыкулу 328. Калі па 2-ой частцы было ад пяці да васьмі, то цяпер – мінус два гады, будзе ад трох да васьмі. Па 3-яй частцы тое самае, будзе не ад васьмі, а ад шасці гадоў».

Антаніна Ляпёхіна, аргкамітэт «Нашае права»:

«Нашаю мэтаю было данесці тое, каб на заканадаўчым узроўні прапісалі: закон мусіць мець адваротную сілу для тых, хто ўжо асуджаны».

Частка 2-ая артыкулу 328 прадугледжвае адказнасць за распаўсюд наркотыкаў, частка 3-яя – распаўсюд незаконных рэчываў групаю асобаў. Ларыса Жыгар нагадвае, што для асуджаных паводле «наркатычнага» артыкулу сітуацыя змянілася пасля прыняцця «антынаркатычнага» дэкрэту нумар 6, які быў падпісаны кіраўніком Беларусі напрыканцы 2014-га года. Дэкрэт распрацоўвалі ў супрацы з МУС, і менавіта Міністэрства ўнутраных справаў разам з Вярхоўным Судом цяпер выступаюць супраць змякчэння «антынаркатычнага» заканадаўства. Ларыса Жыгар, лідарка руху Маці 328:

«Як мага хутчэй трэба выпраўляць сітуацыю, бо ў турмах сядзіць вельмі шмат моладзі, турмы, калоніі, яны перапоўненыя, куды мы далей будзем «саджаць» нашую моладзь»?

Сусветная практыка паказвае, што праваахоўнікі адыходзяць ад буйных тэрмінаў для тых, хто не займаецца наркотыкамі ў прамысловых маштабах, кажа праваабаронца Алег Волчак. Апроч таго, трэба ўлічваць умовы жыцця і працы ў айчыннай пенітэнцыярнай сістэме. Паводле МУС цяпер у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца амаль 33 тысячы беларусаў, каля 7 тысяч з іх за наркатычныя артыкулы. Па падліках руху «Маці 328» лічбы зусім іншыя. Толькі па 328-му артыкулу сядзяць 17 тысяч беларусаў, цвердзяць актывісты.

Алег Волчак, праваабаронца, былы следчы:

«Я думаю, што сістэме выгодныя гэтыя асобы ў турмах, яны ўсе працуюць, сёння з маці паразмаўляў, іхныя родныя на месяц атрымліваюць 90 капеек. А працуюць на дрэваапрацоўцы, шыюць, магчыма таму МУС патрэбнае, каб яны даўжэй там заставаліся. Таксама яны не могуць падавацца на УДВ, нягледзячы на тое, што яны падпадаюць пад УДВ, іх прытрымліваюць».

У Палаце прадстаўнікоў абяцаюць паведаміць дату, калі будуць абмяркоўвацца змены ў артыкул 328. Але нават паводле самых аптымістычных прагнозаў раней за люты наступнага года папраўкі не набудуць моцы.

АН, belsat.eu