Дэпартацыя ў камеру катаванняў


Сёння Менскі гарадскі суд у закрытым рэжыме вынес рашэнне аб дэпартацыі грамадзяніна Турцыі Хіджры Мамаша, які амаль год правёў за кратамі ў Беларусі. Курд з нацыянальнасці, Мамаш прасіў палітычнага прытулку, бо ў Турцыі яго чакае палітычна матываваны пераслед і магчымыя катаванні. У абарону курдскага актывіста выступіў Камітэт правоў чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў і беларускія праваабаронцы.

Курда з нацыянальнасці, турка з грамадзянства Хіджры Мамаша сёння прывезлі ў Менскі гарадскі суд, але так, каб з ім не маглі пабачыцца праваабаронцы і журналісты. Суддзя Анастасія Папок без юрыдычнага тлумачэння зрабіла працэс закрытым.

«Абскарджвалася рашэнне Генпракуратуры. Паводле гэтага рашэння яго мусілі выдаць у Турцыю для крымінальнага пераследу, што ён нібыта здзяйсняў нейкія дзеянні, якія ўплывалі на пытанні падзелу Турцыі, хаця гэтага артыкулу няма ў Крымінальным кодэксе Беларусі», – распавядае праваабаронца «Human Constanta» Наста Лойка.

Хіджры Мамашу 27 гадоў, а 9 гадоў таму ў Стамбуле ён удзельнічаў у мірных акцыях пратэсту ў абарону правоў курдаў. Ад пераследу турэцкіх спецслужбаў уцёк у Ірак, а адтуль спрабаваў перабрацца ў Сербію транзітам праз Арменію і Беларусь.

З падробленымі армянскімі дакументамі яго і ўзялі ў Менскім аэрапорце. Мамаш папрасіў міжнароднай абароны. Турэцкія ўлады абвінавачваюць яго ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы як чальца Працоўнай партыі Курдыстану, абвешчанай тэрарыстычнай арганізацыяй. Але Мамаш настойвае, што дзейнічаў выключна законна і як актывіст парламенцкай Дэмакратычнай партыі народаў. Гэта законная парламенцкая партыя, куды ўваходзяць прадстаўнікі турэцкіх меншасцяў.

«Супраць гэтай партыі прымяняюць рэпрэсіі, прычым не толькі дзяржаўныя, але і «цітушкі», як у нас кажуць, якія ў 2016 годзе, напрыклад, атакавалі офісы гэтай партыі. Шмат чальцоў гэтай партыі знаходзяцца за кратамі», – распавядае Яўген Красулін, адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях.

Яўген Красулін прыгадвае, што абвешчаная ў Турцыі буйная «каронавірусная» амністыя не датычыла вязняў з Дэмакратычнай партыі народаў.

Агулам сітуацыя з курдскай меншасцю вельмі складаная. Каля сарака мільёнаў чалавек падзеленыя між Турцыяй, Сірыяй ды Іракам, з 19 стагоддзя змагаюцца за права на самавызначэнне ды нацыянальную ідэнтычнасць. Далёка не ўсе арганізацыі курдскага руху – мірныя палітычныя партыі, але далёка не ўсе – узброеныя тэрарысты. А быць курдам у Турцыі насамрэч цяжка.

«Да 1990 гадоў проста была забарона на ўжыванне курдскай мовы што ў публічнай прасторы, што проста ў зносінах між асобамі. Зараз няма адукацыі на курдскай мове, забаронена, ёсць толькі шэраг прыватных школаў, і бурсы ва ўніверсітэтах. Прэса жорстка абмежаваная», – тлумачыць Красулін.

Камітэт правоў чалавека ААН папрасіў беларускія ўлады не высылаць Хіджры Мамаша да высвятлення ўсіх абставінаў справы. Але рашэнне застаецца за беларускімі судовымі органамі.

«У выпадку выдачы ў Турцыю яму пагражаюць катаванні ў сувязі з ягонымі палітычнымі поглядамі і нацыянальнай прыналежнасцю. Таму такія паводзіны з боку суду падаюцца неадэкватнымі», – кажа Наста Лойка пра закрытасць судовага паседжання.

Праваабаронцы з «Human Constanta» стварылі петыцыю да кіраўніка дзяржавы з просьбай не выдаваць Хіджры Мамаша Турцыі. Пасля сённяшняга рашэння Менгарсуда ў Мамаша застаецца толькі магчымасць падаць апеляцыю ў Вярхоўны Суд цягам 10 дзён.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»