«Дэмакратыя? Для мяне бліжэй чыстыя вуліцы». Як на ідэал беларусаў глядзіць Лукашэнка і беларусы


Напярэдадні Дня Незалежнасці Лукашэнка Лукашэнка прыгадаў «вывераныя часам ідэал і каштоўнасці» беларусаў. Беларусы не ведаюць пра што гаворка.

За 2 дні да святочнай даты кіраўнік краіны павіншаваў беларусаў з Днём незалежнасці, назваўшы 3-га ліпеня днём «славы і годнасці».

З Лукашэнкам, настаўнікам гісторыі паводле адукацыі і кіраўніком краіны, які зыніцыяваў перанос галоўнага свята Беларусі на трэцяга ліпеня, гісторыкі не згаджаюцца.

«Дата трэцяга ліпеня 1944 года – дзень, у які савецкія танкі ўвайшлі ў Менск, яна ніяк не звязана з ідэяй беларускай незалежнасці, – кажа гісторык, ваенны аглядальнік. – Калі мы кажам пра незалежнасць, то трэба казаць пра даты і паняткі, якія перадусім звязаныя з рухам беларусаў за сваю нацыянальную свабоду, за незалежнасць, за сваю самастойную ролю ў сусветнай гісторыі».

Гэтых паняткаў няма і ў сёлетнім віншаванні Лукашэнкі. У ім кіраўнік краіны нібы за беларусаў вызначае, што ім трэба, а што не:

«Беларусам не патрэбныя ўзрушэнні, войны і рэвалюцыі, спекуляцыя на дэмакратыі і правах чалавека. У нас ёсць вывераныя часам ідэалы і каштоўнасці, і мы нікому не дазволім навязваць іншае».

Каб зразумець, якія ідэалы – не агульначалавечыя, а выключна беларускія – ёсць у беларусаў, мы задалі гэтае пытанне на вуліцах Менску.

«Што ён меў на ўвазе я не ведаю, – кажа ў размове з намі мянчук. – Ва ўсім свеце ёсць ідэал – лібералізм. Гэта самы правільны ідэал, а таксама свабода слова і права чалавека і дэмакратычныя выбары».

«Дэмакратыя? Я вельмі далёкая ад гэтага. Для мяне бліжэй чыстыя вуліцы, прыгожыя дамы», – кажа жанчына.

Далёкім ад ідэяў дэмакратыі, нягледзячы на цяперашні флірт з Захадам, застаецца і кіраўнік краіны, мяркуюць эксперты.

«Лукашэнка дэманструе, што ён не збіраецца мяняцца сам і не збіраецца нешта мяняць у Беларусі. Другое – ён фактычна дыстансуецца ад Еўропы», – кажа палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Сёння Лукашэнка падзяліўся сваймі ўражаннямі ад учорашняй размовы з Пуціным, зазначыўшы, што на сустрэчы яны былі «сапраўды братамі».

«Пасля гэтых неймаверных санкцыяў і ціску з усіх бакоў мы нарэшце зразумелі, што трэба разлічваць толькі на сябе. Шчасце нашым народам прынясуць толькі нашыя супольныя намаганні. І больш нічога», – сказаў Лукашэнка.

Толькі шчасце народ і кіраўнік краіны, падобна, разумеюць па-рознаму, бо па-рознаму плануюць адзначаць 3-га ліпеня.

Згадка рэвалюцыі ў віншаванні Лукашэнкі – невыпадковая. Відавочна, кіраўнік краіны не хоча паўтарэння найноўшай гісторыі. Гэтак, 6 гадоў таму, пакуль грымела афіцыйнае святкаванне Дня незалежнасці, па ўсёй Беларусі адбывалася «маўклівая рэвалюцыя».

Сёлета на 3-га ліпеня пратэстную акцыю ў Менску абвесціў Мікола Статкевіч.

Вольга Старасціна