Дэкрэт № 3: не сцерці з памяці народнай




Дэкрэт аб дармаедах, нягледзячы на пратэсты, існуе надалей. У адрозненне ад яе закону, зусім кароткае было жыццё выявы аўтаркі скандальнага дэкрэту. Яшчэ раніцою фота Марыяны Шчоткінай красавалася ў цэнтры сталіцы, але ўжо праз некалькі гадзінаў ад яго засталіся толькі ножкі ды рожкі – у літаральным сэнсе.

Пакінула след у гісторыі ці проста патапталася на дабрабыце беларусаў? Сімвалічна, што ад выявы ў поўны рост Марыяны Шчоткінай засталіся толькі туфлі.

Распавядае жыхарка Менску:

«Мы ішлі літаральна некалькі хвілін таму і размаўлялі, што хутчэй за ўсё зафарбуюць праз некалькі дзён. Але па-шчырасці я ў шоку, што настолькі рэактыўна і хутка. А ў прынцыпе графіці было вельмі цікавае, сацыяльны падтэкст. Паболей бы такіх ініцыятыў».

Прылепленая аплікацыя «беларускай папялушкі» правісела на плоце ў двары дамоў на праспекце Незалежнасці, што ў цэнтры сталіцы, менш за тры гадзіны. Твор невядомага аўтара паспеў сфатаграфаваць блогер Антон Матолька. Але не ўсім мінакам гэтак жа «пашчасціла»:

Кажа міначка:

«Думалі будзем ісці назад – сфатаграфуем, пакажам сябрам. Краіна ж павінная ведаць сваіх герояў. Не, хутка-хутка зафарбавалі. Так бы хутка рабілі ўсё іншае – рамонты дарог ці дамоў ды іншае, а герояў зафарбоўваць неяк не сурʼёзна».

Але руку да скандальнага дэкрэту прыклала не толькі нашая «гераіня».

Дакумент хоць і распрацоўваўся ў Міністэрстве працы пад кіраўніцтвам Марыяны Шчоткінай, але з удзелам Міністэрства падаткаў і збораў, галасавалі за яго амаль адзінагалосна дэпутаты парламенту. Вырашальнае ж значэнне меў подпіс кіраўніка краіны, якога эксперты лічаць ініцыятарам і галоўным прапагандыстам Дэкрэту № 3.

«Я лічу, няма падставаў далей раскручваць гэтую тэму і казаць: Ай-ах! Гэта не для нашай эканомікі, не для нашага грамадства!»

Але замест даходаў дэкрэт прынёс кіраўніцтву краіны – пратэсты. Адмяніць яго – страціць твар, а таму, як лічыць праваабаронца Алег Волчак, незадаволенасць насельніцтва ўлады паспрабуюць скіраваць на іншую асобу.

Алег Волчак, праваабаронца:

«Калі пратэсты будуць працягвацца, а яны будуць працягвацца, то ўлады будуць шукаць, на каго можна спісаць і паказаць, што закон быў прапісаны некваліфікавана, не прафесійна, з пэўнымі парушэннямі. І Марыяна Шчоткіна можа быць той ключавой фігурай, на якую могуць павесіць усе недапрацоўкі, пралікі».