Дазволіць больш «Табакерак», каб скараціць паленне цыгарэтаў?


Навіны галіны, якую кантралююць набліжаныя да Лукашэнкі. У Палаце прадстаўнікоў сёння спрачаліся наконт антытытунёвага дэкрэту. Але ўсе гарачыя дэбаты пайшлі ў дым – усяго адзін голас супраць на галасаванні.

Рак горла, парадантоз, новаўтварэнні ды нават імпатэнцыя! Аднак курцоў гэтым не запужаць. І, хоць пачкі маюць непрывабны выгляд, іх распаўсюд робіцца ўсё больш зручны: адмысловыя тытунёвыя шапікі растуць нібы грыбы па ўсёй краіне. Уласна іх абмяркоўвалі ў Палаце прадстаўнікоў падчас дэбатаў аб антытытунёвым дэкрэце.

Згодна з дэкрэтам, прынятым сёлета ў студзені, па ўсёй краіне з’явяцца больш за дзве з паловаю тысячы шапікаў для продажу тытунёвых вырабаў пад назваю «Табакерка». Прытым што мэта дакументу – акурат абмежаваць рэалізацыю і спажыванне тытуню. Гэтыя захады прадугледжваюцца і новым выданнем дакументу, прынятым сёння практычна адзінагалосна.

Ганна Канапацкая, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

«Ёсць шэраг прыкладаў, калі іх усталёўваюць з парушэннем нормаў закону. Сёння яны не выконваюць патрабаванні дзеючага заканадаўства – дыстанцыю 500 метраў ад дзіцячых і лячэбных установаў. Акрамя таго, у іх адкрытыя вітрыны, праз якія ўсё можна бачыць. І ў прынцыпе, дэпутаты самі прызнаюць, што яны не ў курсе, што гэта за праект».

У той жа час продаж тытунёвых вырабаў у звычайных крамах будзе істотна абмежаваны. Гэтак, з наступнага года цыгарэты мусяць прадавацца толькі ў асобных аддзелах, а на шыльдах гандлёвых аб’ектаў забараняюцца любыя назвы, звязаныя з тытунёвымі вырабамі. Праўда, дзіўным чынам слова «Табакерка» пад забарону не трапляе.

Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія»:

«Гэта звычайны лабізм. Ёсць нейкія структуры, бізнес-структуры, прыватныя, якія забіваюць сабе гэтую справу. У краіне, дзе быў бы дастаткова моцны рух спажыўцоў, як у Еўропе, у Германіі ў прыватнасці, такое не прайшло б».

У беларусаў, дарэчы, стаўленне да «Табакерак» неадназначнае. Жыхары Менску выказваюцца:

«Я лічу, што гэта ненармальна. Тым больш увогуле такая праблема, што шмат курцоў на прыпынках, і гэта стварае дыскамфорт многім людзям».

«Можа быць, гэта не прыпынках ставіць, можа асобныя… Але яно павінна быць асобна».

«Я сама палю, таму для мяне гэта было б зручна».

«Цыгарэты прадаваць трэба ў пэўных месцах. І нават у вялікіх крамах. Я была ў скандынаўскіх краінах, там – у пэўных месцах, каб не было спакусы для моладзі».

«Калі разважыць, што ў крамах прадаюць, і сэнс тады іх ставіць на вуліцах, калі крамаў цяпер вельмі шмат».

Сетка «Табакерак» належыць кампаніі «Энерга-Оіл», падкантрольнай бізнесоўцу Аляксею Алексіну. Гэта так званы інвест-праект, таму прастора ў ласых месцах пад шапікі вылучаецца без аўкцыёнаў. Да таго ж, Алексін укладае грошы ў выраб цыгарэтаў, мадэрнізуючы Гарадзенскую тытунёвую фабрыку і ствараючы дадатковыя вытворчыя магутнасці пад Менскам.

Ганна Канапацкая, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

«Тут проста спроба зарабіць грошы на людскіх пароках. Усе ведаюць, што цыгарэты – гэта зло, што гэта залежнасць, падобная да алкагольнай ці наркатычнай».

Пасля прыняцця дэкрэту ўладальнікі як малых, гэтак і буйных крамаў заяўлялі, што наплыў «Табакерак» разам з больш жорсткім стаўленнем да продажу тытунёвых вырабаў у іншых месцах – банальная спроба манапалізаваць рынак. Хоць і рэпрэзентаваў дакумент міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu