Давер да Трампа вырас. І гэта нягледзячы на працэдуру імпічменту


Сенат ЗША галасуе, ці пазбавіць Доналда Трампа прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.

Трампа вінавацяць у злоўжыванні ўладай – ціску на Уладзіміра Зяленскага, каб прэзідэнт Украіны распачаў крымінальную справу супраць сына Джона Байдэна – прадстаўніка Дэмакратычнай партыі, якога лічаць галоўным праціўнікам Трампа на будучых выбарах.

Ён не падае рукі спікеру Дэмакратычнай партыі, а тая рве тэкст прамовы прэзідэнта-рэспубліканца.

Упершыню ў гісторыі прэзідэнт падчас прамовы вырашыў правесці цырымонію ўзнагароды. «Прэзідэнцкі медаль Свабоды» з рук першай лэдзі ЗША атрымаў папулярны ўльтраправы радыёвядоўца Раш Лимба. Не так даўно высветлілася, што ў яго рак.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Падчас выступу Трампа адбылося спатканне амерыканскага сяржанта, які служыў у Афганістане, з сям’ёй. Эфектных фразаў таксама было нямала.

«Сёння ўвечары я стаю перад вамі, каб падзяліцца неверагоднымі вынікамі. Колькасць працоўных месцаў імкліва расце, растуць даходы, узровень беднасці хутка падае, падае ўзровень злачыннасці, расце давер, а нашая краіна зноў квітнее і карыстаецца вялікаю павагай!» – сказаў Доналд Трамп.

Прэзідэнт паабяцаў абараняць канстытуцыйнае права на нашэнне зброі, заклікаў Кангрэс забараніць спароны на позніх стадыях і пахваліўся значным зніжэннем нелегальнай міграцыі на паўднёвых рубяжах.

«Тры гады таму варвары «Ісламскай дзяржавы» утрымлівалі больш за 20 тысячаў квадратных міляў тэрыторыі ў Іраку і Сірыі. Сёння тэрытарыяльна халіфат «Ісламскай дзяржавы» на 100 адсоткаў разбураны, а заснавальнік і лідар «Даішу» – крывавы забойца, вядомы як аль-Багдадзі, – забіты!» – сказаў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

Таксама ў Кангрэс на запрашэнне Трампа прыехаў лідар венесуэльскай апазіцыі Хуан Гуаідо. Прэзідэнт паабяцаў зрынуць сацыялістычны ўрад Венесуэлы, а таксама не даць сацыялізму разбурыць сістэму аховы здароўя, але ўжо ўнутры ЗША. Супернікі Трампа адразу адказалі.

«Прэзідэнт Трамп сказаў амерыканскаму народу, што эканоміка сёння квітнее, як ніколі раней. Гэта праўда для Трампа і яго сяброў-мільярдэраў. Эканоміка сапраўды квітнее для іх. Фактычна, самым багатым людзям у нашай краіне ніколі яшчэ не было гэтак добра. Але цяпер мы назіраем большую няроўнасці ў даходах, чым калі-небудзь за апошнія 100 гадоў», – адказаў Бэрнард Cэндэрз, кандыдат на прэзідэнцтва ЗША.

Доналд Трамп ні словам не згадаў у выступе працэдуру імпічменту. Сенат павінен галасаваць аб гэтым пытанні ў сераду ўвечары. Аднак Палату кантралююць прыхільнікі Трампа – рэспубліканцы, і шанцаў на імпічмент практычна няма. Затое шанцы Трампа на пераабранне растуць. Паводле звестак Амерыканскага інстытуту грамадскага меркавання, цяпер ягоную працу на пасадзе прэзідэнта ўхваляюць 49 адсоткаў амерыканцаў. А гэта самы лепшы паказнік цяперашняга гаспадара Белага дому за ўвесь перыяд кіравання.

Ян Маравіцкій, Кірыл Смяглікаў belsat.eu

Фота: Jerzy Dudek / FORUM