Давер да медыцыны ва ўмовах пандэміі


Як дасягнуць кансалідацыі грамадства ў часе эпідэміі? І як не дапусціць распаўсюджання фэйкаў пра каронавірус у Беларусі? Гэтыя пытанні сярод іншых чакаюць абмеркавання на заўтрашняй сустрэчы сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў у правах чалавека, нацыянальных дачыненнях і медыях.

Толькі вось даведацца прапановы і вынікі абмеркавання з першых вуснаў зможа толькі адно медыя – дзяржаўнае інфармагенцтва «БелТА». Акрэдытаваць іншыя медыі на паседжанне камісія адмовілася, спасылаючыся на эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне. Што аніяк не стасуецца з афіцыйнымі супакойваннямі – маўляў, у Беларусі бяспечней, чым у суседзяў. Дык якой інфармацыі ад уладаў верыць? А таксама – ці давяраць афіцыйным лічбам наагул? Запытаемся ў менчукоў.

«Гэта злачынства, тое, што адбываецца цяпер у медыях, тое, што кажа кіраўнік краіны, гэта проста нейкі тэатр абсурду».

«У нас пакінулі ад Савецкага Саюзу структуры грамадскія: аховы здароўя, адукацыі і г.д. І я не здзіўлюся, калі яны даюць пазітыўны вынік».

«Трэба было ў шпіталь схадзіць, уся сям’я ў мяне захварэла. Не было дактароў ні дадому, нікога. То бок, як бы хворых не шмат, але чамусьці дактароў няма. Неяк дзіўна, я лічу. Таму я лічу, што гэтая статыстыка не вельмі сумленная».

А як сітуацыя выглядае ў рэгіёнах? У Глыбокім на Віцебшчыне, да прыкладу, мясцовыя зазнаюць перадусім нястачу вузкаспецыялізаваных дактароў – ЛОРа і акуліста. Перапоўненасці медычных установаў не адзначаюць. Сярод захадаў бяспекі ў паліклініках – асобны ўваход для пацыентаў з тэмпературай. Жыхары Глыбокага:

– Я сяджу ўдома. Намагаюся выконваць усе патрабаванні, праўда масак у нас асабліва няма, але – як ёсць.

– А як наагул нашая медыцына?

– Ну, нармальна, яны намагаюцца, як могуць, я лічу.

– Лічыце, нашая медыцына нармальная, справіцца?

– Вядома! На атлічна.

«Я, паколькі тут госць часты, няблага».

«Ну, нібыта ж нармальна працуе».

У Глыбоцкім раёне пакуль ніводнага выпадку каронавіруса не канстатавалі. У інфекцыйным аддзяленні цэнтральнага раённага шпіталю ляжаць прынамсі чатыры кіроўцы-дальнабойнікі. Вынікаў тэстаў на COVID-19 яны чакаюць ужо больш за тыдзень, хаця, да прыкладу, у сталіцы існуе магчымасць зрабіць экспрэс-тэст усяго за содні.

Юлія Лабанава, «Белсат»