Аб'ектыў 08.10.2018 Давер беларусаў да міліцыі расце?


Пасля крытыкі Лукашэнкам законапраекту аб хатнім гвалце, які распрацоўвалі з удзелам Міністэрства ўнутраных справаў, у міністэрстве заявілі, што беларусы пачалі яшчэ больш давяраць міліцыі, а ўзровень злачыннасці дасягнуў найніжэйшага парогу за апошнія гады. Маўляў узровень злачыннасці настолькі нізкі, што і зніжацца няма куды.

Ігар Шуневіч, Міністр унутраных справаў:

«Тэмпы зніжэння злачыннасці сёння найменшыя за апошнія 5–6 гадоў. Гэта кажа пра тое, што мы наблізіліся да рэальнага ўзроўню, рэальнага стану справаў у галіне барацьбы са злачыннасцю і самім феноменам злачыннасці ў дзяржаве, які характарызуе сённяшнія рэаліі».

Немагчыма адмаўляць, што на вуліцах спакойна, кажуць адмыслоўцы, але кваліфікацыя супрацоўнікаў міліцыі выклікае шматлікія пытанні. Летась міліцыянты ў Крычаве нават судзіліся з уласным начальствам. Андрэй Бандарэнка, праваабарончая арганізацыя «Платформа»:

«Міліцыя сябе даволі моцна скампраметавала ў палітычных пераследах і фальсіфікацыі крымінальных справаў. І менавіта да гэтага найбольш пытанняў з боку праваабаронцаў да МУС. І гэта кажа пра тое, што росту даверу да міліцыі ў нас найхутчэй няма».

Паводле апошніх даследаванняў незалежных сацыёлагаў з НІСЭПД, якія рабіліся некалькі гадоў таму, толькі кожны трэці апытаны давяраў міліцыянтам. Цяпер мы маем выключна афіцыйныя звесткі аб даверы – дый тое са спазненнем на тры гады.

Звестак апошняга апытання ў публічны доступ пакуль не выклалі. На тле суседзяў, беларускія праваахоўнікі выглядаюць нядрэнна – іншае пытанне, ці можна давяраць айчынным звесткам пра давер.

Жыхары Менску распавядаюць:

«Не, не давяраю, ёсць на тое прычыны. Няма нейкай абароненасці, наадварот, шукаеш нейкі падвох у чымсьці».

«Сам служыў ва ўнутраных войсках, давер выклікаюць у мяне. Калі міністр так сказаў, значыць, гэтак і ёсць».

«Я неяк ішоў з працы, мяне папрасілі прайсці ў РУУС – праверка дакументаў. Я кажу: што я, п’яны? Праверылі, гэта заняло паўгадзіны, хоць я паказваў пропуск з працы».

Былы афіцэр міліцыі, гамяльчук Уладзімір Няпомняшчых кажа, што нават у ягоны час казаць пра абсалютны давер не выпадала, цяпер жа зніжэнне прафесіяналізму замяняецца ростам лаяльнасці да начальства.

Уладзімір Няпомняшчых, былы афіцэр міліцыі:

«Магу прывесці асабісты прыклад: калі мне зламалі палец, ужо паўтара года я не магу дабіцца праўды. Што цікава, адасобілі Следчы камітэт ад міліцыі, але яны пакрываюць адзін аднаго, і нідзе няма праўды».

Паводле міністра Шуневіча, давер да МУС паказвае давер да ўладаў увогуле. Але калі абсалютная большасць з апытаных нашым тэлеканалам кажа, што не давяраюць міліцыі, паводле логікі Шуневіча, гэта кажа пра тое, што і даверу да ўладаў, прынамсі ў сталіцы, практычна няма.

АН, belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / FORUM

Глядзі таксама
Каментары