Аб'ектыў 15.01.2018 Даўгоў шмат, а грошай няма. Чым расплоціцца Беларусь?


Дзяржаўны доўг Беларусі імкліва набліжаецца да чырвонай рысы. Першага снежня ён складаў 39 % да ВУП. Пры гэтым дапушчальная мяжа, усталяваная ўрадам, – 45 %.

Сур’ёзны рост гэтых суадносінаў мае дзве прычыны

«Па-першае, гэта непасрэдна рост вонкавай пазыкі, а па-другое – імклівае зніжэнне ВУП у доларавым вымярэнні», – тлумачыць аналітык Вадзім Іосуб.

Рост замежнай пазыкі эксперты звязваюць са скарачэннем субсідыяў з боку Расеі. Калі ў 2006 годзе іхны абʼём складаў каля чвэрці нашай эканомікі, то цяпер гэта толькі каля 5 % ад ВУП Беларусі.

«Расея свядома скарачае бюджэтныя субсідыі, якія Менску не трэба будзе вяртаць, замяняючы іх крэдытамі, якія Менск будзе вымушаны рана ці позна вярнуць. А паколькі вярнуць ён іх не зможа, то наўзамен за гэта Расея будзе выстаўляць палітычны і эканамічны рахунак», – упэўнены эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Каму і колькі вінныя?

Расеі сёлета маем сплаціць найбольш – каля $ 1 млрд з улікам выплаты і абслугоўвання пазык. Яшчэ каля $ 1 млрд – уладальнікам беларускіх еўрабондаў. Вялікіх сумаў чакаюць кітайскія крэдыторы і Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця.

Каб аддаваць старыя пазыкі, урад плануе ўзяць новыя.

Замест хлеба з маслам – менш грошай у сацыяльнай сферы. Сёлета дзяржаўныя выдаткі на адукацыю і ахову здароўя разам маюць скласці ўсяго Br 900 млн.

«Выплаты па замежнай запазычанасці, як чакаецца, складуць Br 3 млрд. То бок адсоткі па запазычанасці фактычна зʼядаюць штогод тры супольныя бюджэты на ахову здароўя і адукацыю», – дадае Івашкевіч.

Як выйсці з замкнёнага кола?

Неабходны істотны рост эканомікі, што ў сваю чаргу вымагае грунтоўных эканамічных рэформаў. Галоўным чынам – у дзяржаўным сектары, які таксама жыве ў крэдыт.

«Патрэбныя кардынальныя рашэнні праблемы неэфектыўных дзяржпрадпрыемстваў і даўгоў, якія назбіраліся ўнутры эканомікі. Ні па першым, ні па другі пытанні ўрад нейкіх радыкальных рашэнняў не прымае, таму доўг і ягоныя суадносіны да ВУП будзе, на жаль, расці», – прагназуе спадар Іосуб.

Паводле найбольш песімістычнага прагнозу эксперта, яшчэ сёлета суадносіны дзяржаўнага доўгу да ВУП могуць перавысіць дапушчальныя 45 % – мяжу, якая вызначае нашую эканамічную бяспеку.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары