Даўгі Лукашэнкі будуць вяртаць беларусы


Беларусь вядзе перамовы з Расеяй аб крэдыце на мільярд долараў. Грошы пойдуць на абслугоўванне ранейшых пазык. Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі. Пры гэтым чыноўнік прызнаў, што паміж бакамі існуюць пытанні, але яны развязваюцца нібыта ў працоўным парадку.

Сёння нам трэба максімальна пазбавіцца ад замежных даўгоў. Яны скоўваюць нашыя магчымасці, асабліва сацыяльныя. Аддаваць каля 10% ВУП толькі на абслугоўванне дзярждоўгу – недазвольная раскоша. Гэта заява Аляксандра Лукашэнкі з сакавіка гэтага года.

Пра тое, што ўрад прыняў стратэгічнае рашэнне не нарошчваць дзяржаўны доўг, заявіў сёння і першы віцэ-прэмʼер Васіль Мацюшэўскі. Пры гэтым, ён дадаў, што ўлады вядуць перамовы з Расеяй аб новых пазыках, але, маўляў, толькі для таго, каб рэфінансаваць старыя.

«Беларусь насамрэч вымушаная рэфінансаваць сур’ёзную частку выплатаў па замежных пазыках. Як мінімум – палову», – кажа старэйшы аналітык «ALPARI» Вадзім Іосуб.

Пры гэтым, у Мінфіне адзначылі, што ад пачатку году дзяржаўны доўг знізіўся на 200 мільёнаў долараў. То бок, усяго на 0,5 %. Між тым, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году, дзяржаўны доўг на 1 ліпеня сёлета вырас ажно на 6 %. Гэтак жа было і летась – пасля нязначнага зніжэння ў першым квартале, на фоне ашчаднай рыторыкі ўладаў, у другой палове году імкліва пачалі расці новыя пазыкі Беларусі.

«У найбліжэйшыя гады нам штогод спатрэбіцца аддаваць на вяртанне доўгу і на яго абслугоўванне крыху менш за 4 мільярды долараў. Гэта тая сума, якая сыходзіць з эканомікі краіны. У адваротным выпадку гэтыя грошы маглі б траціцца ўнутры краіны, маглі б траціцца на сацыяльныя патрэбы, на павышэнне пенсіяў», – кажа старэйшы аналітык «ALPARI» Вадзім Іосуб.

Сёлета сітуацыя наўрад ці будзе іншай, мяркуе апазіцыйны палітык Юрась Губарэвіч, бо ўлады будуць імкнуцца падтрымаць ілюзію эканамічнай стабільнасці напярэдадні палітычных кампаніяў 2019-га і, магчыма 20-га году, калі ў Беларусі чакаюцца парламенцкія ды прэзідэнцкія выбары. Між тым, нават існы сціплы рост заробкаў ужо цяпер абганяе прадукцыйнасць працы. Вяртанне дадатковых даўгоў, узятых уладамі на згаданыя выбарчыя кампаніі, у выніку ляжа на плечы звычайных грамадзянаў, мяркуе палітык.

«Тут мы можам чакаць увядзення новых падаткаў, на, абсалютна, што заўгодна, хоць на паветра. І паборы з людзей, якія і так не могуць знайсці якасную і высокааплочвальную працу ў Беларусі», – кажа Юрась Губарэвіч.

Як прызнаў сёння першы віцэ-прэмʼер Мацюшэўскі, паміж Масквой і Менскам ёсць нявырашаныя пытанні як у справе атрымання крэдыту, так і адносна далейшых паставак танных расейскіх вуглевадародаў. У выпадку перабояў з расейскім фінансаваннем, ня выключаныя вострыя крызісныя праявы.

«Гэтыя варыянты ўжо былі выпрабаваныя ў нядаўняй беларускай гісторыі. Першае, гэта – напярэдадні выбарчых кампаніяў, разаграваючы эканоміку, робячы вялікія фінансавыя ўліванні, проста прывесці беларускі рубель да чарговага абвалу», – кажа Юрась Губарэвіч.

На сённяшні дзень кожны працаздольны беларус вінен ад імя дзяржавы 5 700 долараў. Выплаты адсоткаў па гэтых крэдытах забіраюць кожны сёмы рубель з рэспубліканскага бюджэту. Улады штогод абяцаюць скарачаць замежны доўг, рэфінансуючы толькі палову выплат, а рэшту збіраюцца аддаваць уласнымі сіламі. Па выніках, аднак, і летась, і пазалетась, Менск быў вымушаны цалкам рэфінансаваць не толькі выплаты па запазычанасці, але і пазычаць на выплаты адсоткаў па ёй.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu