Даследаванне: беларусы чакаюць эканамічнага абвалу


Амаль дзве траціны беларусаў мяркуюць, што нашая краіна цяпер у дрэнным эканамічным стане. Пра гэта сведчаць вынікі сацыялагічнага апытання, праведзенага Беларускай аналітычнаю майстэрняй з 11 сакавіка да 6 красавіка.

«Нават у 2011 годзе, калі крызіс быў, там меншыя былі адсоткі. У 2008 годзе былі меншыя адсоткі. Я маю на ўвазе адсоткі пазіцыі «кепска». А тут адбыўся такі ўзлёт», – кажа сацыёлаг, кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі.

Калі параўноўваць з мінулым снежнем, лічба ацэнак «дрэнна» ў дачыненні стану айчыннай эканомікі вырасла амаль на чвэрць.Такой негатыўнай дынамікі не было цягам двух дзесяцігоддзяў даследаванняў, адзначае сацыёлаг:

«Абвал эканамічнага самапачування абумоўлены каронавірусам і не толькі каронавірусам, а інфармацыйнай сітуацыяй, інфармацыйным асяроддзем вакол яго».

Пры гэтым эканамічны стан краіны беларусы ацэньваюць як значна горшы за свой асабісты. Гэты паказнік пагоршаў толькі на 7 адсоткаў. Уласны дабрабыт дрэнным назвала траціна апытаных, больш за палову лічаць яго сярэднім. Сацыёлаг бачыць у гэтым таямніцу цярплівасці беларусаў. Эканаміст – мадэль паводзінаў.

«Калі раней, у папярэднія крызісы, людзі больш спадзяваліся на дапамогу дзяржавы, то цяпер яны кожны за сябе, намагаюцца знаходзіць нейкія крыніцы даходу. І разумець, што ад дзяржавы дапамога не прыйдзе, бо яе там няма адкуль узяць, бо там усё дрэнна», – гаворыць эканаміст Сяргей Чалы.

Эканамічныя адчуванні беларусаў адпавядаюць рэчаіснасці, кажа Сяргей Чалы. Краіна ў крызісе, спрычынІліся да якога абвал коштаў на нафту, рост курсу долара і каронавірус.

«Думаю, галоўным фактарам ёсць не дэвальвацыя, якая адбываецца, у ацэнках самаадчування, а вынік наступстваў эпідэміі, звязаных з закрыццём прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу, падзеннем спажывецкага попыту, асабліва ў сферы паслуг», – мяркуе Сяргей Чалы.

Мы даведаліся ў мінакоў на вуліцах Віцебску, ці даводзіцца ім эканоміць:

«У сувязі з каронавірусам даводзіцца эканоміць. На лекі трэба шмат грошай».

«Не эканомлю. Жыву ў дастатку. Чаго і вам жадаю».

«Усё жыццё даводзіцца эканоміць».

«Я думаю, што так». – «На чым?» – «На самам асноўным – ежы. Абмяжоўваем сябе ў паходах, напрыклад, у кавярню». – «Гэта, канечне, так. Зусім нікуды не ходзім».

«Тое, што мне трэба, у мяне ёсць. Я ні на чым не эканомлю. Што-небудзь недаступнае дарагое».

«Прадукты першай неабходнасці заўсёды ёсць і даступныя, а так каб шыкануць – прабачце».

Бліжэйшымі месяцамі эканамічны стан і краіны цалкам, і кожнага беларуса асобна пагоршыцца, прагназуюць эканамісты. Крызіс, звязаны з пандэміяй, можа прывесці да скарачэння заробкаў і нават страты працоўных месцаў. Адмыслоўцы папярэджваюць. Хто ашчаджаў на чорны дзень – майце на ўвазе: ён прыйшоў.

Анастасія Русецкая, «Белсат»