Аб'ектыў 28.10.2018 Менчукі змагаюцца з авітамінозам


Самая восень, а з ёй акрамя залатога лісця прыходзяць менш прыемныя з’явы: авітаміноз і хваробы: у нашай рэдакцыі хварэе ледзь не кожны трэці. Па здаровае і не надта дарагое харчаванне рушым на рэгулярныя сельскагаспадарчыя кірмашы сталіцы.

Кошты тут пазітыўна адрозніваюцца ад тых, якія можна ўбачыць у крамах, а якасць тавару гарантуюць вытворцы – асабіста. А ўжо далейшы шлях набытай на кірмашы гародніны абіраць пакупнікам.

«Вырашчанае на сваім гародзе, без хімікатаў».

«Натуральнае. Няма ні фарбавальнікаў, няма ні кансервантаў, ні ўзмацняльнікаў смаку. Церпкі, горкі, з паслясмакам. Менш салодкасці».

«Памідоры ў нас дакладна танней будуць, а перчыкі, шчыра сказаць, не ведаю. Чым у супермаркетах, напэўна, таксама танней будуць. Я думаю, што трошкі танней у нас».

Пакупнікі – пагаджаюцца, ды даверу маюць болей да харчоў, свежа сабраных з палеткаў, а не паляжалых на паліцах супермаркетаў. Што трэба, каб натуральная ежа цешыла нават узімку, добра ведае нашая праграма «Я не буду гэтага есці». Запісваеце: аджыка хатняя!

Нам спатрэбіцца па паўкілаграма чырвонага перцу і моркаўкі, па кілаграме яблыкаў і памідораў, 50 грамаў часныку, 30 грамаў перцу чылі і солі, 100 грамаў цукру, 70 – воцату і столькі ж алею. Перакручваем праз мясарубку абабраныя яблыкі ды гародніну і варым гадзіну, пасля сыплем спецыі і трымаем на агні яшчэ столькі ж. Як аджыка астыне, дадаем часнык ды разліваем па слоіках. Наведнікі кірмашу таксама купляюць перадусім пра запас.

«Шынкаванку, на зіму запасы. І трошку памідораў, трошку перчыкаў – салацікі».

«Усё буду рабіць: і ў супчык і ў салацік, і так есці».

«Задаволены з гэтага кірмашу-выставы. Вельмі карысна для гараджанаў, добра, далёка хадзіць не трэба».

«Тут натуральнае ўсё, глядзіш».

Але ці ад добрага жыцця нашыя людзі закупляюцца на рынках ды кірмашах, калі адзін з галоўных чыннікаў – гэта нізкія кошты? Былі б абяцаныя 500 долараў, ня трэба было б ашчаджаць на бульбе і капуцсе.

«Яны лічаць, што такі аб’ём закупак дазваляе ім ашчадзіць значныя грошы. Магчыма, як гаспадары яны маюць рацыю, бо гэная гародніна імі падвяргаецца яшчэ пераапрацоўцы на працягу сезону і дапрацоўцы. І такім чынам адпаведны пакупнік сустракаецца з адпаведным свайму ўзроўню прадаўцом», кажа эканаміст Міхал Залескі.

А магчыма, усё ня гэтак змрочна? Мы, менчукі, людзі гарадскія, лецішчы мае ня кожны, а тут гародніна – амаль як свая.

Марыя Арцыбашава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары