Дарожны збор усё яшчэ могуць уключыць у кошт паліва


Калі прапанова міністру фінансаў знойдзе водгук у Адміністрацыі Лукашэнкі, то збор на фінансаванне дарожнай інфраструктуры будзе аплачвацца асобна ад тэхагляду і ўжо ад пачатку наступнага года.

Нагрузкі на дарогу ў кожнае аўта робіць свае. Мянчук Сяргей Барсукоў за тое, каб аплата за выкарыстанне дарог залежала ад прабегу аўта:

«Гэта максімальна справядлівы варыянт быў бы, бо я езджу рэгулярна але мала ў параўнанні з іншымі, а ў аплачванні на агульных варунках адчуваю несправядлівасць».

Лагічна, што найбольш разбурае дарогу камерцыйны транспарт, а найменш – малазабяспечанае насельніцтва, што ездзіць няшмат.

«У кошт паліва – гэта разумна, хто больш ездзіць – мае больш плаціць. Ён жа больш дарогі псуе».

«Безумоўна гэта лепш, бо нехта ездзіць 2 разы на год на аўце і плоціць фіксаваную суму, а нехта кожны дзень і больш, чым кіроўцы таксі», – гавораць аўтамабілісты, Менск.

Тэхагляд сёння ўключае ў сябе аплату дарожнага збору – фіксаванай сумы, якую ўносяць за атрыманне дазволу транспартнага сродку ўдзельнічаць у дарожным руху. Міністэрства фінансаў прапанавала ад ліпеня аплочваць дарожны збор штомесячна. Адміністрацыя кіраўніка краіны спытала пра альтэрнатыву.

«Цяпер мы працуем над альтэрнатыўнымі варыянтамі. У тым шэрагу прапрацоўваем варыянт уключэння дзяржаўнай пошліны ў кошт аўтамабільнага паліва», – кажа Дзмітрый Кійко, намеснік міністра фінансаў.

Па-першае, гэта «спраўджаны» еўрапейскі варыянт. А па-другое, – спосаб спагнання Мінтранспарту грошай з тых 40 адсоткаў аўтаў, якія, паводле міністэрства, ездзяць без тэхагляду. Дзяржава недаатрымлівае запланаваныя $ 60 млн. Галоўны рэдактар «Аўтадайджэст» Анатоль Шаўчэнка каментуе:

«У першую чаргу людзі не ідуць праходзіць тэхагляд не таму што аўта няспраўнае, а менавіта праз прынцыповую пазіцыю, таму што не хочуць выглядаць дурнямі. Бо ўсіх намагаюцца нахіліць і змусіць рабіць сілаю тое, што ненатуральна».

Тэхагляд не з’яўляецца гарантыяй спраўнасці транспарту – перакананы Анатоль Шаўчэнка з «Аўтадайджэсту». Таму ён за ўліванне транспартавага падатку ў паліва і супраць тэхагляду ў прынцыпе. Кіроўцы далучаюцца:

«Увогуле было б файна яго скасаваць, бо мо і так «добра зарабляем», каб плаціць гэтыя падаткі».

«Гэта напэўна аптымальны варыянт, бо так будзе прасцей. Набыў пэўную колькасць паліва, значыцца я выездзіў яе і нікому нічога не павінен. Вельмі слушна, дарэчы».

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» нагадвае, што тым ці іншым транспартам карыстаемся ўсе, а плоцяць – аўтаўладальнікі.

«Калі яны не будуць плаціць, будзе суцэльнае ў нас бездарожжа, адныя кірункі. Таму найбольш слушнае рашэнне з усіх – не браць з насельніцтва аніякіх узносаў на дарогі», – кажа Леанід Заіка, аналітычны цэнтр «Стратэгія».

У такім выпадку ашчадзім на працаўладкаванні кантралюючых органаў і на абсталяванні. Яшчэ адзін момант:

«Калі дарогі добрыя, я гатовы плаціць. Але за тое, па чым я езджу!!! Толькі на танку, пры чым на армадзе, астатнія зламаюцца».

Маральна стаміліся – таксама. Праз маркетынгавы план «Белнафтахіму» кошты на паліва імкліва растуць. На капейку, але ў сярэднім тры разу на месяц.

Юлія Цяльпук, belsat.eu