«Дарогі зробяць пасля параду, але з людзей гэтыя грошы будуць браць». Ці патрэбныя танкі ў горадзе?


Сталіца ў чаканні буйнога вайсковага параду. Відовішча – ужо заўтра, а цяпер ідуць рэпетыцыі. Хтосьці з менчукоў з захапленнем назірае за трэнаваннем параду, а хтосьці наракае, бо цяжкая вайсковая тэхніка знішчае асфальт. А гэта значыць, што, як і штогод, сёлета ізноў давядзецца выдаткоўваць грошы на рамонт дарог пасля параду. За чый кошт?

Дзесяць гадоў таму, і пяць гадоў таму і сёння: шматпакутныя менскія вуліцы дрыжаць пад цяжарам вайсковай тэхнікі ўжо за некалькі дзён да штогадовага параду да Дня Незалежнасці 3 ліпеня. На сайце Міністэрства абароны паведамляюць, што нават за трэнаваннем параду ўчора назіралі тысячы гледачоў. А што думаюць пра парад менчукі?

«Гэта баль падчас чумы. У нас шмат сур’ёзных праблемаў, што тут адзначаць такімі парадамі».

«Гэта для мяне проста непрымальна: як хтосьці гуляе ў танчыкі і вайнушкі».

«Канечне, гэта прыгожа, але, можа, не варта цяпер гэта рабіць».

«Не трэба з такім размахам і з такою паказухай».

Для жыхароў Цэнтральнага раёну сталіцы штогадовы парад азначае яшчэ і лагістычныя праблемы.

«Нічога апроч раздражнення не выклікае. У мяне мама ў цэнтры жыве, я хаджу яе карміць, туды не праехаць. А заўтра мне яе карміць, а мяне ўвогуле туды не пусцяць, я там не прапісаны, яна каля стэлы жыве. У дзяцінстве было цікава, а цяпер, нават калі б асфальт не псавалі, мне не падабаецца» – адзначае жыхар Менску.

Менавіта на сапсаваны асфальт, апроч затораў і абмежавання руху аўтамабіляў, найбольш скардзяцца кіроўцы. Прэс-служба Міністэрства абароны ўхілілася ад каментару «Белсату» пра тое, ці спрабуюць вайскоўцы зменшыць шкоду і выдаткі ад парадаў. У каментары ж Радыё Свабода прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў запэўніў, што вялікай шкоды дарогам вайсковая тэхніка не наносіць:

«Калі недзе і парушанае пакрыццё, то гаворка ідзе пра парушэнне тэхналогіяў вытворчасці асфальту і самога пакрыцця. Таму гэта своеасаблівы тэст на якасць».

Між тым менчукі ўсведамляюць, за чый кошт будуць рамантавацца вуліцы, ды прапаноўваюць, куды можна было б выдаткаваць грошы і ад рамонту, і ад правядзення параду.

«Дарогі зробяць пасля параду, гэта зразумела, але зноў з людзей гэтыя грошы будуць браць, зноў з нас. Можа, падвысяць падатак нейкі, ці яшчэ што».

«Марнатраўства дазваляць, напэўна, не можам, але парад – гэта ўсё ж прыгожа. – Але за чый кошт? – За наш кошт, канечне».

«Для мяне парад не вельмі важны, грошы патрэбныя пенсіянерам, людзям, якія працуюць з дзецьмі, з хворымі».

«У нас дзіцячых пляцовак няма – усё загублена» – каментуюць жыхары Менску.

Зрэшты, не ўсе менчукі згодныя з тым, што рамонт вуліцаў наагул патрэбны:

«Каля майго дому ўвесь час танкі ідуць, з вакна бачна. І ніхто асфальту не рамантуе, ён цэлы».

«Рэч не ў асфальце і не ў гульнях. Трэба не асфальт узрываць, а кіраўніцтва краіны мяняць».

Дарэчы, парад 3 ліпеня запланавалі сёлета не толькі ў сталіцы, але і ў Горадні.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Фота: Marina Lystseva / TASS / Forum