Дар’я Домрачава прамазала 4 разы. Пакуль медалямі не пахне


Алімпіяда

У медальных разборках у чарговы дзень спаборніцтваў у Пхёнгчхангу беларусы ўдзелу ня бралі. У жаночай індывідуальнай гонцы нечакана перамагла шведка Ганна Ёбэрг, далей фінішавалі Кузьміна і Дальмаер.

Найлепшаю з беларускіх біятланістак стала Надзея Скардзіна – адзін промах і дзясяты радок. Дар’я Домрачава прамазала 4 разы, прычым тры на апошняй стойцы і ў выніку 27-ая. У мужчынскай індывідуалцы золата ў нарвежца Ёганэса Бё, другая пазіцыя ў Фака, бронза ў Самуэльсана. Сярод нашых суайчыннікаў вышэй за ўсіх размясціўся Сяргей Бачарнікаў, з адной незакрытаю мішэнню ён 18-ты. Таксама сёння дзве беларускія фрыстайлісткі трапілі ў фінал спаборніцтваў, які пройдзе заўтра. Ганна Гуськова кваліфікавалася з першай спробы, Ала Цупер з другой, па-за межамі засталася Аляксандра Раманоўская. У слаламе сярод гарналыжніц Марыя Шканава фінішавала 38-ая. У фігурным катанні сёння спаборнічалі спартовыя пары, а перамога – у нямецкага дуэту Алена Саўчанка/Бруно Масо. У агульнакамандым заліку на першым радку ўмацавалася Нямеччына, на другі выйшла Нарвегія, замыкаюць тройку Нідэрланды.

Ліга чэмпіёнаў

Чарговыя два матчы 1/8-ай фіналу былі згуляныя ў футбольнай Лізе чэмпіёнаў. Цікавая аказалася гульня на «Сант’Яго Бэрнабэў», дзе мадрыдскі «Рэал», саступаючы 0:1 французскаму ПСЖ, у выніку перамог 3:1.

Сустрэча, якая годная фіналу і, мабыць, самая гучная шыльда на гэтай стадыі. ПСЖ увогуле не шанцуе з лёсаваннем: то некалькі разоў яго стрымлівае «Барсэлона», цяпер вось аступіліся ў першым матчы і аб «каралеўскі клуб». У «вяршковых» дубль на рахунку Крыштыяну Раналду, а таксама гол забіў Марсэлу, на гэта госці адказалі толькі дакладным стрэлам Адрыяна Раб’ё.

У другім супрацьстаянні ўжо ўсё стала вядома пасля першай сустрэчы. Англійскі «Лівэрпул» у гасцях разносіць партугальскі «Порту» 5:0, хет-трык аформіў Сад’Ё Манэ. Каманда Юргена Клопа практычна ў чвэрцьфінале, а матч у адказ ператворыцца ў фармальнасць. «Порту» будзе гуляць на «Энфілдзе» перш за ўсё за сваё імя і паспрабуе выглядаць больш годна.

Баскетбол

Нацыянальная жаночая зборная Беларусі па баскетболе разграміла полек у чарговым матчы групавога этапу кваліфікацыі да чэмпіянату Старога Свету – 2019. На сваім паркеце гульня праходзіла з вялікаю перавагаю Трафімавай і кампаніі, а ў выніку мы перамаглі з гандыкапам у 21 бал, канчатковы лік – 71:50.