Дальнабойнікі патрабуюць не абмяжоўваць іхнага перамяшчэння па Беларусі


Кіроўца транзітнай фуры Артур Бабок ужо паўтара месяца не быў удома ў Баранавічах. Згодна з новымі правіламі, спыняцца ён можа толькі ў вызначаных месцах. За адхіленне – штраф да 1300 рублёў.

«Я жыву ў аўтамабілі. Мая жонка прывозіць мне на дазволеную стаянку, каля майго гораду, харчы, чыстыя рэчы», – расказвае Артур.

Пастанова абавязвае кіроўцу транзітнай фуры пакінуць краіну цягам содняў. Але пры гэтым дальнабойнік яшчэ мусіць выконваць рэжым працы ды адпачынку. Інакш – таксама штраф. Так атрымалася ў дальнабойніка Віталя Захарава.

«Я, каб не парушыць рэжыму працы ды адпачынку, спыніўся на абочыне, не замінаючы нікому. Мяне аштрафавалі на 12 базавых [Br 324. – Belsat.eu]», – тлумачыць мужчына.

Кіроўцы арганізавалі акцыю з завязваннем камізэлек на кабіну і стварылі петыцыю, у якой зазначылі парадокс: кіроўца, які едзе ў Беларусь выгрузіць тавар, не абавязаны прытрымлівацца правілаў і можа свабодна перасоўвацца па краіне. Атрымліваецца, што небяспеку ўяўляе толькі дальнабойнік, які праязджае нашую краіну транзітам? Запыталі пра гэта ў цэнтральным апараце Транспартнай інспекцыі.

«Паводле 171-й мы столькі ўжо давалі інфармацыі, неаднаразова», – адказаў прадстаўнік транспартнай інспекцыі.

Мы заехалі на некалькі дазволеных стаянак. На кожнай месцаў не стае. Але прыпаркавацца ўздоўж абочыны і на лясных кемпінгах – значыць атрымаць штраф. Аштрафавалі за такое парушэнне дальнабойніка Руслана Фунта.

«Прыехала ДАІ, таксама абудзілі мяне, узялі дакументы, праверылі. Я ім патлумачыў, што месцаў няма, яны сказалі: «Добра, спі далей». Праз тры гадзіны прыязджаюць ужо транспартнікі, забралі дакументы і пратакол выпісалі. Выпісалі мне 35 базавых [Br 945. – Belsat.eu]», – расказвае Руслан.

Але ж і прыпынак на дазволенай стаянцы не гарантуе кіроўцу камфортнага адпачынку. Амаль нідзе няма душу, месцаў з гарачай ежай, аптэк і крамаў. У пастцы пастановы аказваюцца і дальнабойнікі, якія выязджаюць з Беларусі праз Каменны Лог. Чэргі з фураў у пункце пропуску Каменны Лог – справа не дзіўная, заторы тут былі заўсёды. Цяпер, напрыклад, тут больш за 230 грузавікоў. І новы ўказ дае права кіроўцаў, якія своечасова не выехалі з Беларусі, аштрафаваць. Але ж ці рэальна паспець не атрымаць штрафу, запыталі ў дальнабойнікаў з чаргі.

«Мінулы раз мне 500 еўраў выпісалі штраф».

«Нас чакае штраф. Вось усе стаім дружна. І ўсе тут такія».

Кіраўнік прававога аддзелу парталу «АВТОБИЗНЕС» Яўген Грачоў мяркуе, што выканаць пастанову 171, не парушыўшы іншых, складана:

«Можна было прадугледзець такія моманты для гэтых кіроўцаў. Або прыпыніць на нейкі кароткі тэрмін дзеяння адной нарматыўнай нормы, або прапісаць усё гэта ў той жа пастанове Саўміну».

Натуральна, атрымаўшы штраф, можна яго абскардзіць. Але кошт паслуг адваката можа перавышаць суму штрафу, да таго ж санкцыі артыкулу прадугледжваюць яшчэ і арышт.

«А гэта і для кіроўцы, і для грузу, і для аўтамабіля… нясе вельмі цяжкія наступствы, эканамічныя ў першую чаргу», – кажа Яўген Грачоў.

Не паспявае своечасова выехаць з Беларусі і Артур. Да мяжы яму яшчэ 400 кіламетраў, а рэжым працы ды адпачынку нагадвае, што…

«Гадзіны ў мяне выбраныя, мне засталіся толькі 3 гадзіны».

Паводле звестак Транспартнай інспекцыі, на 20-га красавіка выявілі 576 парушэнняў, 90 адсоткаў парушальнікаў – менавіта беларусы.

Алена Дубовік Belsat.eu