Далі старт «выдварэнню» незалежных медыяў


Загад Лукашэнкі «выдвараць» незалежныя медыі – прынялі ды выконваюць. Ужо канчаткова: у дзень выбараў ЦВК пусціць у інфацэнтр толькі дзяржаўныя СМІ. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, рэдакцыі названых учора Лукашэнкам медыяў ужо зазнаюць праблемы з акрэдытацыяй.

Life in Europes last dictatorship – адзін з сюжэтаў BBC наўпрост з Беларусі – пра змаганне кандыдатаў і іхных прыхільнікаў за свабодныя выбары з аднаго боку і сілавую стратэгію ўлады, якая заявіла «мы краіну не аддамо» – з другога. Эндзі Смайт, які здымаў гэты сюжэт, таксама прайшоў праз затрыманне. Але зрабіцца героем матэрыялу пра рэпрэсіі супраць журналістаў – адмовіўся, як і рэпарцёры іншых акрэдытаваных у Беларусі незалежных медыяў, якія бачылі аўтазак знутры.

«Я мяркую што дакументы аб пазбаўленні акрэдытацыі тых ці іншых выданняў цяпер непасрэдна ляжаць на чынавенскіх сталах. Не выключаю што не сёння, то заўтра ці паслязаўтра нехта з нашых калегаў можа быць пазбаўлены акрэдытацыі», – кажа Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Такі трэнд у дачыненні Радыё Свабода, Камсамольскай праўды і BBC задаў пад час звароту да названых «гаспадарамі краіны» чыноўнікаў іхны кіраўнік:

«Яны ж заклікаюць да масавых закалотаў, чаму вы гэта церпіце, вы ж іх акрэдытавалі тут! Не трэба чакаць ніякага канца электаральнай кампаніі! Выдварайце адсюль, калі яны не выконваюць нашыя законы і завуць людзей на «майданы».

Яшчэ да гэтага карт-бланшу, журналістаў (у тым ліку белсатаўцаў) – затрымлівалі. Інтэрнэт – глушылі пад час стрымаў з непрыемных для ўлады падзей. Саюз журналістаў Расеі, а потым Радыё Свабода адказалі Лукашэнку на ягоны загад аб «выдварэнні».

«Абвінавачанне Лукашэнкі спрабуе дэманізаваць і сказіць ролю незалежных СМІ ў Беларусі, якія паведамляюць пра поўны спектр падзеяў, звязаных з выбарамі прэзідэнта 9 жніўня. Мы цвёрда намераныя працягваць нашую важную працу для народу Беларусі і асуджаем выкарыстанне афіцыйнымі асобамі неабдуманай рыторыкі і пагрозаў, якія ставяць пад удар нашых журналістаў», – кажа Дэйзі Сындэлар, в/а прэзідэнта Радыё Свабода.

Дзеянні беларускіх сілавых органаў супраць журналістаў непрымальныя – заявілі сёння ў прадстаўніцтве Еўразвязу ў АБСЕ… Назіральнікаў ад гэтай арганізацыі сёлета не запрасілі на выбарчыя ўчасткі ў Сінявокую. Дапусціць да кампаніі ўсіх законных прэтэндэнтаў, выпусціць палітвязняў, не замінаць працы журналістаў і незалежнаму назіранню, праўдзіва лічыць галасы – заклік Абʼяднанай Еўропы. У адказ – чарговае абмежаванне пад соусам пандэміі: Цэнтрвыбаркам у выбарчы дзень дапусціць толькі галоўныя дзяржаўныя медыі ў вялікі інфацэнтр Палацу Рэспублікі. Прэсавая для рэшты – толькі ранкам наступнага дня.

«Улада будзе рабіць усё магчымае, каб адмежаваць людзей ад праўдзівай інфармацыі, але яна не ўсёмагутная. Ёсць VPN, ёсць Proxi, ёсць шляхі абыходу і трэба ўжо зараз рыхтавацца да працы праз гэтыя інструменты», – лічыць Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У Беларускай асацыяцыі журналістаў дапускаюць, што 9 жніўня ў Менску адключаць інтэрнэт, а многіх журналістаў могуць забраць на содні яшчэ да дню галасавання.

Юлія Цяльпук, «Белсат»