Аб'ектыў 24.11.2017 Дактары бягуць з медустановаў. Хто будзе лячыць беларусаў?


Да візіту Аляксандра Лукашэнкі ў раённы цэнтр Буда-Кашалёва на Гомельшчыне рыхтаваліся хоць і аўралам, але ўсімі сіламі – мылі дахі, фарбавалі фасады.

Наводзілі парадак і на аграпрадпрыемствах, у выніку на адным гаспадарстве, «Марозавічы-агра», грамадскія працы скончыліся трагедыяй: 33-гадовы Кірыл Раманоўскі ўпаў з даху кароўніка і загінуў. Звычайна ён працаваў у газавыратавальным атрадзе на Гомельскім хімзаводзе.

Справаю займаецца Следчы камітэт

Але кіраўнік Беларусі пра здарэнне падчас візіту, прынамсі ў прысутнасці журналістаў, не згадаў. Адной з галоўных тэмаў паездкі быў стан медычных установаў у рэгіёне, пацярпелым ад чарнобыльскай аварыі.

Лепш не візіты, а павелічэнне выдаткаў на медыцыну – раіць кіраўніку краіны фізік Юрый Варонежцаў, які ўжо восем гадоў у Гомлі лечыцца ад анкалагічнага захворвання.

«Недафінансаванне. Крайне нізкі ўзровень у параўнанні з еўрапейскім – я ўжо не кажу пра амерыканскі ўзровень – фінансавання нашых медычных установаў. То бок у нас ёсць добрыя спецыялісты, ёсць добрыя дактары, але ў нас няма грошай, каб падтрымліваць высокі ўзровень», – тлумачыць праблему мужчына.

Вынік – недахоп абсталявання

Паводле Варонежцава, не першы год Гомельскай вобласці абяцаюць прынамсі дзясятак новых апаратаў магнітна-рэзананснай тамаграфіі, але іх дагэтуль толькі чатыры. Адсюль і чэргі, якія існуюць як на абследаванні, гэтак і да вузкіх спецыялістаў.

Але і заробкі не растуць

У мінулым месяцы ў сярэднім працаўнік аховы здароўя зарабляў Br 646,5. Амаль нязменны і востры дэфіцыт кадраў. Да прыкладу, напрыканцы мінулага года агулам у гарадах працу шукалі 26 дактароў-спецыялістаў, а вось попыт на дактароў быў у 70 разоў вышэйшы – не хапала амаль 2000 адмыслоўцаў. Падобная сітуацыя і з медсёстрамі, пры попыце 2000 тысячы, працу шукалі толькі 42 асобы. І гэта праблема не толькі сферы аховы здароўя.

Праблема з людзьмі ва ўсіх пацярпелых ад Чарнобылю раёнах – глыбінная, што падкрэсліў і кіраўнік Гомельшчыны Уладзімір Дворнік. Была 51 тысяча, а стала 29 тысячаў. За 20 гадоў насельніцтва Буда-Кашалёўскага раёну скарацілася напалову.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары