Даішнікі збілі мужчыну, бо не ведалі як адчыніць капот


Святлана Камарчук ідзе ў лякарню, каб наведаць свайго мужа. Пра падзеі, якія адбыліся ў Кобрыне яшчэ 11 лютага, Камарчукі распавядаюць па чарзе. Вярталіся з лецішча, Святлана была за стырном, муж сядзеў побач, на задніх седалах ехалі сябры.

«Прачнуўся ад таго, што супрацоўнікі міліцыі просяць у жонкі адкрыць капот, так як капот у машыны адкрываецца з правага боку, я яго адкрыў і выйшаў. Яны спыталі, чаму я выйшаў, сказаў, я не вінаваты, што вы не ведаеце, з якога боку адкрываецца капот», – узгадвае Аляксандр Камарчук.

Тое, што адбывалася далей, стала падставаю для суду

Працаўнікі Кобрынскага ДАІ праверылі дакументы і сказалі, што не маюць пытанняў да кіроўцы, а мужа Святланы пасадзілі у машыну.

«Двое трымала, трэці быў. Ударылі адзін раз у грудзі, другі раз у галаву, ачуняў калі ляжаў голым торсам на снезе, супрацоўнік міліцыі снегам мяне спрабаваў прывесці ў прытомнасць», – сведчыць спадар Камарчук.

Даішнікі склалі на Камарчука адміністратыўны пратакол

Парушэнні знайшлі паводле двух артыкулаў: перабыванне ў нецвярозым стане, а таксама непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Суд Кобрыну пакараў пацярпелага кобрынца на 2 базавыя велічыні. У судзе не звярнулі ўвагі на тое, што пасля выцвярэзніка праз болі ў галаве Аляксандр быў вымушаны легчы ў шпіталь, дзе яму паставілі дыягназ: страсанне мазгоў.

Пра справу Камарчука кіраўніцтва берасцейскай міліцыі ведае

Яшчэ ў лютым Святлана звярнулася са скаргаю на імя начальніка Упраўлення ўласнай бяспекі Берасцейскага УУСу. Але вынікаў праверкі ўсцяж няма.

У наступны аўторак чакаецца суд ужо паводле звароту Камарчукоў – супраць працаўнікоў ДАІ. У прыватнасці, падчас працэсу яны дакладна даведаюцца імёны, прозвішчы і пасады тых, хто збіваў Аляксандра. Бо ў часе затрымання міліцыянты, усе як адзін, адмаўляліся назвацца.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: auto.onliner.by