ДАІ распачала паляванне на кіроўцаў без тэхагляду


Акцыя будзе доўжыцца да 17-га жніўня.

ДАІ ўзмацніла кантроль за бяспекай на дарогах у гэтыя выходныя. Апроч гэтага, працягваецца сапраўднае паляванне на кіроўцаў, якія не прайшлі тэхагляду ўласных аўтаў.

«Знаходзіць кіроўцаў, якія ігнаруюць працэдуру тэхагляду, якія не атрымалі допуску да ўдзелу ў руху. І ў абавязковым парадку будзем праводзіць зверку з базамі звестак аб праходжанні тэхагляду і выяўляць кіроўцаў з падзельнымі адзнакамі праходжання тэхагляду», – кажа Аляксандр Цагельнік з Упраўлення ДАІ МУС.

Да прыкладу, у Гомельскай вобласці толькі за 8 жніўня выявілі 187 асобаў без тэхагляду. Агулам жа па краіне сёлета такіх кіроўцаў аказалася больш за 195 тысячаў. Паўторна з парушэннем затрымалі 75 тысячаў аўтаматараў.

Матэрыял Кірыла Смяглікава глядзіце ў поўным выданні навінаў за 10 жніўня

Масавае ігнараванне працэдуры тэхагляду пачалося пасля ўвядзення ў 2014 годзе «падатку на допуск да дарожнага руху». У красавіку падатак абяцалі змяніць і адвязаць ад тэхагляду, але палёгкі не адбылося.

«Склалася такая сітуацыя, што шмат хто не плаціў… Не праходзілі тэхагляду і дарожны падатак. Яны чакалі першага красавіка, калі было паабяцана, што будуць зніжкі. І можна будзе аплочваць дарожны падатак толькі на некалькі месяцаў», – кажа інструктарка ў кіраванні аўтам Марыя Вашкевіч.

Падатак на карыстанне дарогамі памерам прыблізна $ 100 – немалы выдатак для бюджэту шмат якіх беларусаў.

Кіроўцы кажуць, што папросту чакаюць да першага штрафу, які складае тры базавыя велічыні. І толькі пасля гэтага пачынаюць задумвацца пра паездку на СТА.

«Статыстыка, на жаль, прыгнятае: з 2014 года мы назіраем падзенне штогод на 10 %. Уявіце, што да 2019 года прыблізна мы гэта падзенне ацэньваем на 50 % у параўнанні з 2014 годам», – кажа начальнік менскага філіялу «Белтэхагляду» Сяргей Каравацкі.

Агулам па краіне маем 2 400 000 транспартавых сродкаў, а гэта азначае што 1 200 000 з іх сёлета будуць без тэхагляду. А гэта ўжо значная праблема бяспекі, бо нават з тых машын, што прыехалі на тэхагляд, кожная пятая мела тэхнічныя няспраўнасці.

«І мы як працаўнікі прадпрыемства «Белтэхагляд» і кіраўніцтва Міністэрства транспарту выступаюць за адвязання гэтае дзяржаўнае мыты ад працэдуры дзяржтэхагляду», – дадае Каравацкі.

Аднак пакуль праблему развязаць спрабуюць толькі рэйдамі ў пошуках неплацельнікаў.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»