Дачка прэс-сакратара Пуціна працуе ў Еўрапарламенце


Звычайная студэнцкая стажыроўка ці спроба атрымаць доступ да элітаў Еўразвязу? Дачка прэс-сакратара Пуціна, Дзмітрыя Пяскова, працуе ў Еўрапейскім парламенце. Навіна пра гэта выклікала хвалю эмоцыяў у Бруселі. Ці ўяўляе стажыстка небяспеку для Еўропы, высвятляў Аляксандр Папко.

«Звычайнаю студэнцкаю практыкай» называе прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна стажыроўку сваёй дачкі ў Еўрапейскім парламенце. Лізавета Пяскова, якая вывучае міжнародныя адносіны ў адным з французскіх ВНУ, з лістапада стажыруецца ў Бруселі.

«Гаворка ідзе пра звычайную студэнтку і пра звычайную практыку. Нічога больш я б не хацеў каментаваць, гэта датычыць маёй дачкі, гэта не датычыць маіх службовых абавязкаў, маёй працы», – каментуе Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі.

У той час як Уладзімір Пуцін пагражае накрыць ядравым ударам «цэнтры прыняцця рашэнняў на Захадзе», дачка ягоная найбліжэйшага працаўніка стажыруецца ў еўрадэпутата з правапапулісцкай групы «Еўропа за свабоду і дэмакратыю» Эмрыка Шапрада.

«Перш за ўсё гэта сведчыць пра тое, што расейскія эліты вельмі цікавяцца тым, што адбываецца ў Еўрапейскім парламенце, тым, як гэта ўстанова працуе. Немалаважна і тое, у якога менавіта дэпутата працуе дачка супрацоўніка Уладзіміра Пуціна», – кажа Агнешка Смаленьска, Еўрапейскі інстытут у Фларэнцыі.

Эмрык Шапрад – чалец парламенцкай камісіі ў міжнародных справах. Ён быў абраны ў Еўрапарламент ад французскага Нацыянальнага фронту, які перад выбарамі атрымаў крэдыт ад Расеі. Аднак французскі дэпутат пакінуў партыю, пратэстуючы супраць антысемітызму калегаў.

Шапрад падтрымаў гэтак званы крымскі рэферэндум, а цяпер актыўна выступае супраць антыкрамлёўскіх санкцыящ Захаду. Каментуючы стажыроўку дачкі прэс-сакратара Пуціна, Шапрад адхіліў абвінавачанні ў змове з Крамлём.

«Ніякага канфлікту інтарэсаў няма, няма ніякай праблемы ў сферы бяспекі. Усе пытанні – толькі каб справакаваць скандал. І шуміху раздзімаюць толькі некалькі еўрадэпутатаў. У Еўрапарламенце ёсць русафобія – і гэта вельмі сумна», – тлумачыць дэпутат Еўрапарламенту Эмрык Шапрад.

Дачка высокапастаўленага расейскага чыноўніка атрымае доступ да дакументаў еўрапейскіх інстытутаў – асцерагаюцца журналісты. Парушэнняў правілаў бяспекі няма, сцвярджаюць у Еўрапарламенце. Прэс-сакратар Еўрапарламенту Дэльфін Калар:

«У стажораў і асістэнтаў ёсць доступ толькі да публічных дакументаў і дыскусіяў. Гэта парламент – і паводле вызначэння большасць яго дакументаў маюць агульнадаступны характар».

Парушэнняў бяспекі няма, а вось парушэнні маральных нормаў ёсць, мяркуюць некаторыя еўрадэпутаты. Стажыроўку Пясковай-малодшай яны лічаць калі не спробай атрымаць доступ да палітыкаў, то правакацыяй.

«Гэта ганебны інцыдэнт, старанна спланаваны і зрэалізаваны Крамлём ды асобнымі радыкаламі з Еўрапейскага парламенту. На шчасце, спадар Шапрад не прымае рашэнняў у Еўрапарламенце, ён маргіналізаваны. Але я буду патрабаваць анулявання дазволу на гэтую стажыроўку», – тлумачыць Пятрас Аўштравічус, дэпутат Еўрапарламенту.

А вось сам Эмрык Шапрад у каментары «Белсату» заявіў, што будзе патрабаваць пакарання для свайго літоўскага калегі ды іншых «апанаваных русафобіяй» еўрадэпутатаў:

«Спадарыня Пяскова не займаецца Расеяй. […] На мінулым тыдні яна працавала над выбарамі ў Сенегале. […] Стажораў мы не набіраем паводле конкурсу. Іх выбірае дэпутат на падставе іх рэзюмэ. […] Нягледзячы на тое, што я працую ў дэлегацыі Еўразвяз – Расея, ніякага канфлікту інтарэсаў няма, бо паседжанні адбываюцца за закрытымі дзвярыма, і стажоры да іх доступу не маюць».

Сама асістэнтка еўрадэпутата Ліза Пяскова мае зносіны з публікаю толькі праз уласнага прэс-сакратара. Адказаць на нашыя пытанні яна пагадзілася ў красавіку – якраз пасля таго, як яе стажыроўка скончыцца.

Аляксандр Папко, belsat.eu