Дабрачыннасць пацярпелым


Кожны дзень кампанія «Ezhik.by» збірае харчовыя наборы і развозіць іх па Менску ды іншых гарадах Беларусі людзям, якія пацярпелі ад ціску, гвалту і рэпрэсіяў.

Штодня «Ezhik.by» набывае харчы, каб скласці каля дваццаці пакункаў, і колькасць замоваў толькі павялічваецца. Валанцёры раздаюць ежу з 10 жніўня: спачатку каля турмы на Акрэсціна, затым на мітынгах, а цяпер дастаўляюць дадому, кажа заснавальнік ініцыятывы.

«Ёсць тры катэгорыі людзей, якім мы дапамагаем. Першая – людзі, якія пацярпелі фізічна, і тады мы пытаем пра дакументы са шпіталю. Другая – дапамагаем людзям, якіх звольнілі з-за іхнай палітычнай пазіцыі: просім працоўную кніжку. Але мы для сябе вырашылі, што лепш мы аднойчы дапаможам прайдзісвету, чым не дапаможам чалавеку, які сапраўды патрабуе дапамогі, але не можа паказаць дакументаў», – кажа Юка Куст, заснавальнік «Ezhik.by».

Ксенія Захарэвіч страціла працу ў дзяржаўнай установе пасля таго, як адмовілася паставіць подпіс за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Гэтак, разам з 6-цігадовым сынам яна апынулася на ўтрыманні бацькоў. Тыя звярнуліся да «Ezhik.by».

«Калі ў такім становішчы перабываеш, калі так нечакана губляеш працу, а калі ў цябе яшчэ і дзіця на руках, то гэта… вельмі вялікая дапамога», – кажа Ксенія.

Кампанія «Ezhik.by» дапамагае рэпрэсаваным дзякуючы няспыннай хвалі ахвяраванняў. Самыя ж чальцы ініцыятывы працуюць на ўмовах валанцёрства: у вольны ад працы час на ўласных аўтамабілях.

«Цяпер такі час, што ўсе беларусы згуртаваліся і дапамагаюць адно аднаму, такі акт салідарнасці. У мяне ёсць час, ёсць машына і ёсць магчымасць дапамагчы», – тлумачыць валанцёр Павел Фурсевіч.

«Для мяне гэта… нельга заставацца ўбаку. Калі такое адбываецца… Не ведаю… Не мог бы глядзець спакойна на ўсё, што адбываецца і не прыняць у гэтым удзелу. Так ці інакш трэба было штосьці рабіць», – дадае Юка Куст.

Актывісты ініцыятывы «Ezhik.by» заяўляюць, што гатовыя працаваць да часу, пакуль будзе заставацца патрэба дапамагаць пацярпелым.

Галіна Абакунчык, «Белсат»