«Дабраахвотна-прымусова. Так гэта завецца». У Беларусі распачалося датэрміновае галасаванне


У Беларусі распачалося датэрміновае галасаванне на мясцовых выбарах. Незалежныя назіральнікі засцерагаюць – менавіта з сёння і да вечара суботы варта чакаць росквіту фальсіфікацыяў – як галасоў, гэтак і яўкі. Апошнюю ж сёлета чакаюць рэкордна нізкай.

У Беларусі распачалося «датэрміновае галасаванне». Цяпер штодня да нядзелі грамадзяне могуць прыйсці на ўчасткі ды ўкінуць бюлетэні. Традыцыйна акурат датэрміновая яўка, паводле звестак Цэнтрвыбаркаму, была на выбарах надзвычай высокая.

Гэтак, на апошніх мясцовых выбарах датэрмінова прагаласаваў амаль кожны трэці ўнесены ў спісы выбарнік. (32%). Адкуль такія высокія лічбы?

«Кантролю за тым, каб галасы выбарнікаў не былі падмененыя проста не існуе. На ўчастку застаецца адзін міліцыянт, які падкантрольны ўладам», – тлумачыць прадстаўнік БХД Дзяніс Садоўскі.

Развеяць падобныя падазрэнні мог бы допуск да скрыняў усіх кандыдатаў на акрузе. Такую ідэю прапанаваў берасцейскі актывіст Дзяніс Турчаняк.

«Прапановы, якія я пісаў яшчэ падчас выбараў прэзідэнта ў 2015 годзе не былі пачуты і на мясцовых выбарах. Кандыдаты не атрымалі магчымасць дадаткова апламбаваць скрыні для датэрміновага галасавання сваімі пломбамі», – распавядае кандыдат у дэпутаты Дзяніс Турчаняк.

Многія праваабаронцы сцвярджаюць, што датэрмінова галасаваць змушаюць бюджэтных працаўнікоў, вайскоўцаў і студэнтаў. Сапраўды, на ўчастку, што знаходзіцца ў адным з менскіх інтэрнатаў, безумоўна, хапае навучэнцаў. Але ці сапраўды іх змусілі туды пайсці?

Студэнты кажуць:

«На прэзідэнцкія прымушаюць. На дэпутацкія – не ведаю, магчыма, не. Але хутчэй за ўсё прыйдзецца, бо няма іншага выйсця, для тых, хто жыве ў інтэрнаце».

«Я лічу, што трэба хадзіць. Не ведаю, як да гэтага ставяцца іншыя студэнты. Мяне не трэба прымушаць».

«Дабраахвотна-прымусова. Так гэта завецца».

Адметна, што многія з тых, хто ўжо прагаласаваў, не надта ведаюць кандыдатаў, і што яны могуць змяніць. Зрэшты, млявасць назіраецца не толькі сярод студэнтаў. Гэтак, напярэдадні адбывалася сустрэча з праўладным кандыдатам, намеснікам дырэктара заводу «Керамін» Яўгенам Касцюковым, на якую не прыйшоў ніхто.

– Можна з Вамі паразмаўляць? – пытаемся ў намесніка гендырэктара «Керамін» Яўгена Касцюкова.

– На камеру не буду.

– Пра праграму і не хочаце?

– Вы апазіцыя, я на камеру не буду.

«Мы насамрэч бачым, што выбары сёння людзей не цікавяць. Рэальная яўка будзе 10-15 адсоткаў. Як бы Ярмошына не хацела назваць большыя лічбы», – кажа кандыдат у дэпутаты Дзяніс Ціханенка.

Якія лічбы па яўцы і галасах будуць агучаныя – покуль няясна. За тое, ужо дакладна вядомы кошт арганізацыі выбараў. Сёлета бюджэт гэтага задавальнення складзе каля 10 з паловай мільёнаў долараў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko