Да вайны – самы папулярны менскі транспарт. Сёння – перавозіць толькі 4 % пасажыраў


tram,трамвай,транспарт,менск,билет,білет,білеты,грамадскі транспарт
Пасажыры трамваю ў Менску. Ілюстрацыйнае фота – Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

13 кастрычніка менскаму трамваю спаўняецца 90 гадоў.

У 1929 годзе ў Менску адкрыўся рэгулярны трамвайны рух. Жыхары Менску пачатку ХХ стагоддзя доўга чакалі гэтай падзеі, таму на адкрыццё першай трамвайнай лініі, якая праходзіла ад цяперашняй вуліцы Маскоўская да перакрыжавання сённяшніх праспекту Незалежнасці і вуліцы Гікала, сабраўся ўвесь горад. І за нейкія 10 гадоў гэты від транспарту стаў самы папулярны ў горадзе. Калі ў 1940 годзе аўтобусы ў Беларусі перавезлі 11 мільёнаў чалавек, то трамваі – ажно 85,8 мільёнаў.

«Менскі трамвай быў адным з самых крымінагенных кропак Менску. Бо пастаянна ў справаздачах НКУС амаль у кожнай ёсць: «У менскім трамваі скралі…». Прычым кралі не проста ў пасажыраў, звычайна пісалі, калі скралі ў чэкіста, у вайскоўца. Кралі пашпарт, вайсковы білет, ёсць выпадкі, калі скралі пісталет», – кажа гісторык і архывіст Зміцер Дрозд.

Падчас Другой сусветнай вайны трамвайная гаспадарка была цалкам разбураная і ўзнаўляць яе пачалі яшчэ да сканчэння вайны. Яшчэ ў 1945 годзе паспелі аднавіць 14 км шляхоў і 7 вагонаў. У 70-ыя ж гады трамвай пачынае губляць сваю папулярнасць: старыя машыны ламаліся, былі вельмі гучныя. І замест таго, каб заняцца развіццём, некаторыя трамвайныя шляхі пачынаюць разбіраць.

Менскія рэжысёры да сёння, аднак, называюць сталічныя трамваі неад’емнае часткай гораду і да гэтай пары перыядычна здымаюць яго ў сваіх стужках.

Сёння трамваямі карыстаецца каля 4 % усіх пасажыраў. Вось што пра трамваі кажуць жыхары Менску:

«Трамваі, якія новыя, яны сапраўды класныя. Там вельмі ўтульна і цёпла. А ў гэтых зялёных заўсёды вельмі халодна. Гэта адная з прычынаў, чаму я на іх болей не катаюся».

«Вельмі люблю чыгунку. А тут не трэба катацца на цягніку за горад, а можна па горадзе, быццам на цягніку».

«У старых трамваях, падаецца, болей народу нават змяшчалася. А так паводле камфорту – новыя вельмі добрыя: яны ціха едуць, не грымяць».

« А за адно люблю толькі: тое, што яны часта ходзяць».

«Мне падабаецца на іх катацца, яны вельмі зручныя».

Цяпер праектнікі і транспартнікі кажуць пра тое, што трамвайны рух трэба развіваць. Таму шмат якія шляхі ўжо аднавілі і запусцілі. Таксама ў планах пабудаваць адасобленыя лініі хуткаснага трамвая. Хуткія, ціхія машыны без стыкаў павінныя вярнуць гэтаму 90-гадоваму транспарту былую папулярнасць.

Рэпартаж Марыі Арцыбашавай глядзіце ў поўным выданні навінаў за 13 кастрычніка