Да пяці гадоў турмы за «рэабілітацыю нацызму»


Дэпутаты ў першым чытанні прынялі законапраект «Аб змене законаў Рэспублікі Беларусь у пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандаю нацызму і экстрэмізму», які прадугледжвае крымінальную адказнасць за рэабілітацыю нацызму. Пра неабходнасць такога закону заявіў Міністр унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч.

Галоўны праваахоўнік Беларусі паўстаў на абарону маральных каштоўнасцяў не без прычыны. Падштурхнулі Шуневіча да распрацоўкі зменаў у законе падзеі двухгадовай даўніны, калі ў цягніку Менск-Маладзечна заўважылі пасажыра з татуіроўкамі з нацысцкаю сімволікай. Чыноўнік падлічыў, што такія факты – публічнай дэманстрацыі падобных сімвалаў – за апошнія тры гады сталі ўтрая часцейшыя.

«Мы бачым рост адказнасці па крымінальным артыкуле 130, але пры гэтым я не бачу прамых выклікаў. Так, людзі сталі больш размяшчаць інфармацыі ў сацыяльных сетках, але гэта не сапраўднае распальванне варожасці ў грамадстве», – кажа праваабаронца Наста Лойка.

Паболела і фактаў экстрэмізму – паводле Шуневіча – у трыццаць разоў. Праўда, пад панятак «экстрэмізм» цяпер можа падпасці нават футбольнае «Хто не скача, той –…»

«Тое, што сёння вызначаецца экстрэмізмам, вельмі шырокі панятак, ён уключае як нейкі шэраг спісаў артыкулаў з Крымінальнага кодэксу, так і тое, што можа наносіць пагрозу дзяржаве ўмоўна абазначана. Яны прыводзяць азначэнні нацызму больш-менш гістарычна дакладныя, але што за гэтым будзе стаяць на практыцы – гэта вялікае пытанне», – каментуе Наста Лойка.

Узрост да сарака гадоў. Нежанаты, агрэсіўны, вырас у няпоўнай сям’і і часцей за ўсё былы футбольны фанат. Паводле Шуневіча – гэтак выглядае беларускі сярэднестатыстычны неанацыст.

Праваахоўнікі падлічылі, што такіх асобаў з неанацысцкімі поглядамі ў нашай краіне – ні многа, ні мала – тры тысячы. Ці супадае бачанне МУС з уяўленнем жыхароў Менску?

«Бачыла маладых людзей з татуіроўкамі са свастыкай. Робяць, так, такое бачыла».

«Ну так, сустрэць, канечне, можна, але не так адкрыта, бо ў нас людзі добрыя, спакойныя. Нацыстаў, дзякуй Богу, няма».

«У нас другая бяда ёсць, што няма гонару нацыянальнага, гэта іншая справа, а нацызму ў нас няма, я думаю, што яго і шукаць не трэба».

Прынятыя ў першым чытанні змены ў закон нарэшце даюць юрыдычнае акрэсленне таго, што такое «нацызм» і «рэабілітацыя нацызму» і пашыраюць адказнасць – як адміністратыўную – да 20 базавых велічыняў штрафу, гэтак і крымінальную – да пяці гадоў турмы. Назвалі і вінаватых у актывізацыі неанацыстаў… заходнія краіны, дзе нібыта скажаюць вынікі Вялікай Айчыннай вайны.

Марыя Арцыбашава, belsat.eu

Фота: Aleksiej Witwicki / FORUM