Да прэзідэнцкай «гонкі» застаўся роўна год. «Гэтыя выбары ён бачыць як выбары самога сябе»


Роўна праз год адбудуцца выбары прэзідэнта Беларусі. Як улады праводзілі галасаванне, падлік галасоў і зачыстку палітычнага поля ў мінулыя разы – Белсат распавядаў не раз. Хто гатовы далучыцца да прэзідэнцкай гонкі?

Застаўся роўна год. Калі верыць заявам старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, наступныя прэзідэнцкія выбары пройдуць 30 жніўня 2020 года. У эканоміцы – стагнацыя, давер да ўладаў – нізкі, таму, на думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, Лукашэнка правядзе кампанію паводле спраўджанай схемы.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аналітык: «Гэтыя выбары ён бачыць як выбары самога сябе. Але, натуральна, павінны быць нейкі «гарнір». Хутчэй за ўсё, будзе два спарынг-партнёры і нехта з мяккай апазіцыі».

Пра намер удзельнічаць у выбарах ужо заявіла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. На ролю адзінага кандыдата ад правацэнтрыстаў прэтэндуюць Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў і Павел Севярынец. Пераможцу вызначыць праймарыз. Кандыдатам ад Партыі БНФ можа стаць Аляксей Янукевіч. Алег Гайдукевіч ня выключыў, што будзе балатавацца ад лаяльнай да ўладаў Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Пойдзе на выбары і былы палітвязень Мікола Статкевіч.

Мікола Статкевіч, Беларускі Нацыянальны Кангрэс: «Мяне вылучылі акурат таму, што выбараў няма – каб я ўзначаліў барацьбу за вяртанне выбараў праз масавы вулічны ціск на ўладу».

Вулічны пратэст пасля выбараў 2010 года скончыўся рэпрэсіямі. Чацвёра кандыдатаў у прэзідэнты з дзесяці апынуліся ў СІЗА, а яшчэ трое – пад падпіскай аб нявыездзе. На думку Аляксандра Класкоўскага, змагацца за ўладу партыі і рухі сёння ўжо ня мараць.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аналітык: «Кожная палітычная сіла ці асобныя персоны дзейнічаюць паводле прынцыпу «не даганю, дык хоць сагрэюся». Таму кампанія для іх – гэта магчымасць прапіярыцца, патрэніраваць каманду і прасунуць лозунгі сваіх партыяў і палітычных сілаў».

Ніводных выбараў у нашай краіне з 1994 года АБСЕ не прызнала свабоднымі ды дэмакратычнымі. Нараканні выклікае датэрміновае галасаванне, непразрысты падлік галасоў і адсутнасць апазіцыі ў выбарчых камісіях. «Ці верыце вы ў справядлівасць выбараў?» – запыталіся мы ў жыхароў Менску.

Жыхары Менску:

«Не, я ўжо не спадзяюся на гэта. Колькі можна верыць? Апошняя надзея ўжо памерла».

«У такі працэнт немагчыма верыць пастаянна на працягу столькіх гадоў!»

«Лукашэнка, да яго словаў даверу няма. Ён абяцаў, што павысіць заробак да 500 долараў кожнаму працоўнаму. А не бачна, што ён павышае! Я не веру!»

«Я веру ў адно і ведаю, што ён застанецца!»

«У гэты раз будзе так сама, як і ў мінулыя разы».

А мінулым разам пасля выбараў Ярмошына паабяцала падаць на разгляд Лукашэнкі папраўкі ў выбарчае заканадаўства. Праз чатыры гады да новых выбараў мы падыходзім са старымі непразрыстымі правіламі.

Аляксандр Папко, «Белсат»