Да «Белсату» – па дапамогу. У Гарадзішчы зачыняюць апошняе месца працы


У вялікім горадзе, калі зачынілі краму, побач адчыніцца новая. Але ў вёсках усё іначай: там крама – гэта сапраўдная сацыяльная ўстанова. Да «Белсату» па дапамогу звярнуліся жыхары Гарадзішча Воранаўскага раёну Гарадзенскай вобласці. Бо мясцовыя ўлады збіраюцца зачыніць краму, а з працоўнымі месцамі – бяда.

Малочная-таварная ферма ў Гарадзішчы на Воранаўшчыне – адзінае месца працы ў вёсцы на паўтары сотні дамоў. Працы, якой не стае. Таму шмат хто з вяскоўцаў дабіраецца за шэсць кіламетраў у суседнюю Радунь. Там не толькі праца, але і школа ды ўсе іншыя сацыяльныя выгоды.

«Цяжка зімой бывае, як снегу дужа: і пехам ідзём – усяляк бывае. А зараз – як еду на працу, то на ровар пасаджу і вязу ў школу. Калі вось з татам машынаю, калі ён едзе – от так», – кажа Таццяна Матусевіч, жыхарка вёскі Гарадзішча.

Людзі ж старыя і нямоглыя могуць разлічваць толькі на сваіх родных.

«Я даглядаю бацьку, і ў вёсцы праблема – няма лазні. Ні яго няма дзе памыць, ні самой памыцца. Раней была лазня, а зараз няма. На ферме ёсць душ, дык там могуць памыцца толькі тыя, хто працуе. А іншыя – вяскоўцы, пенсіянеры – ім няма дзе, вось праблема такая», – распавядае Галіна Насановіч, жыхарка Гарадзішча.

Адзіны сацыяльны аб’ект у паселішчы – крама. Прыдатнай для жыцця інфраструктуры ў вёсцы няма. Тры гады назад зачынілі лазню, цяпер пагражаюць ліквідаваць краму. Хаця б яе вяскоўцы намагаюцца адстаяць.

Калектыўны зварот з просьбай аднавіць працу лазні ды крамы вяскоўцы накіроўвалі ва ўсе органы ўлады, уключна з Адміністрацыяй прэзідэнта, аднак станоўчага адказу яны не атрымалі. Мясцовыя ўлады праблемы прызнаюць і абяцаюць часткова развязаць… калісьці.

«Па краме не магу сказаць – не курырую крамы. А ўсе лазні, якія былі зачыненыя, будуць адчыненыя, і гэта тычыцца не толькі Гарадзішча», – заявіла Гражына Крахмальчык, намесніца старшыні Воранаўскага райвыканкаму.

Іншыя выжываюць самыя. Як Іван Харлінскі – усё жыццё жыве з уласнай гаспадаркі. 20 гадоў разводзіў пчол, калі пчолы сталі стратнымі, трымаў свіней. Шэсць гадоў назад, з прычыны чумы, свіней у вёсцы вынішчылі, таму цяпер гадуе авечак. Але і гэты сямейны бізнес весці ўсё цяжэй.

«Знішчылі свіней, перайшлі на авечкі – збыту няма, танна каштуе гэтая прадукцыя. Воўна нікуды не ідзе – усё трэба закопваць і спальваць. Таннае мяса і вытворца нікім не абаронены, я нідзе не працую, я нікому не патрэбны», – паведаміў Іван Харлінскі, жыхар вёскі Гарадзішча.

Людзі толькі здагадваюцца, чаму чыноўнікі гадамі не развязваюць набалелых праблемаў.

«Ці ім не падабаецца тое, што тут жывуць людзі іншай нацыі, палякі, ці што. Калі ім не падабаецца, то няхай аддадуць нас пад Польшчу ці Літву», – кажа Мечыслаў Харлінскі, жыхар вёскі Гарадзішча.

У выпадку Гарадзішча, кажуць мясцовыя, прыярытэт – Літва. Усё больш аднавяскоўцаў выпраўляюцца жыць і працаваць у нашую паўночную суседку.

Галіна Абакунчык, belsat.eu