Да -30. Як доўга пратрымаюцца маразы ў Беларусі?


Экстрэмальныя маразы захаваюцца да канца лютага, і гэта кепскія навіны. Добрыя – ужо праз тыдзень сіноптыкі абяцаюць пацяпленне. Цягам мінулага тыдня 860 чалавек атрымалі траўмы праз холад і галалёд. Пра гэта медыям паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. Пры гэтым адмыслоўцы працуюць у 24-гадзінным рэжыме ўжо другі тыдзень.

«Мы працуем на тэрыторыі ўсёй Беларусі. На дадзены момант: за 23, 24, 25-ае мы дапамаглі больш чым 2000 асобаў. Парадку 600 асобаў гэта бяздомнікі, для іх мы раздаём гарачую ежу і вопратку, якую нам прыносяць беларусы«, – зазначыў Дзмітрый Русакоў з Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Ноч з 26-га на 27-ае лютага будзе самая халодная

Месцамі на Магілёўшчыне прагназуюць уначы да -30. Менавіта на Магілёўшчыне з пачатку года ад маразоў загінулі 5 асобаў. У дні суворых халадоў суразмоўца «Белсату» Дзмітрый Русакоў раіць з большай эмпатыяй ставіцца да тых, хто трапляе ў зону рызыкі ды вядзе асацыяльны лад жыцця.

«Сёння будзе самая халодная ноч у Менску, калі вы ўбачылі, што бяздомны зайшоў у ваш пад’езд, калі ласка, не выганяйце яго, дайце яму перачакаць гэтую нізкую тэмпературу, бо не факт, што калі чалавек выйдзе з пад’езду, знойдзе сабе іншае цёплае месца» – тлумачыць дабрачынец.

Калі нехта стаў на дарозе ці не можа завесці аўтамабіль, адмыслоўцы раяць звяртацца ў «Роўд Гэлп». Ініцыятыва створаная, каб дапамагаць у тым ліку і эвакуяваць транспартавы сродак. Апроч таго, адмыслоўцы нагадваюць: падчас моцных маразоў не варта злоўжываць алкаголем, апранаць жа трэба шырокую, зручную і цёплую вопратку.

Ратавальнікі дапамагаюць ператрываць маразы не толькі жыхарам гарадоў. Больш за 2 тысячы асобаў скарысталіся пунктамі абагрэву, якія Чырвоны Крыж разгарнуў каля паламанага масты праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне. Праз умовы надвор’я МНС было вымушанае згарнуць пантонную пераправу, і людзей цяпер перавозяць на катарах. Пакуль жа ратавальнікі дапамагаюць мясцовым перабірацца на другі бераг, валанцёры Чырвонага Крыжа дзеляцца цёплымі напоямі ды ежаю.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Яўген Ярчак / TUT.BY