Да 100-га дня беларускага пратэсту: «Пратэст прарос унутр людзей»


9 жніўня тут, ля стэлы, разгарнуліся бадай самыя жорсткія падзеі таго дня. Супраць людзей ужылі святлошумавыя гранаты, гумовыя кулі, іх збівалі пры затрыманні. Менавіта адсюль пачаўся беларускі пратэставы рух.

І на наступны дзень людзі выйшлі на мірныя пратэсты ў розных частках Менску. І сутыкнуліся з гвалтам і жорсткасцю сілавікоў. Вечарам 10 жніўня ля станцыі метро «Пушкінская» стрэлам ва ўпор забілі Аляксандра Тарайкоўскага. І гэта не адзіная ахвяра тых дзён. Наш суразмоўца Зміцер атрымаў адразу дзве кулі ў лёгкае ад стрэлу ў спіну, з аўтазака яго забрала хуткая.

«11 [жніўня. – Дадатак аўтара] увечары, калі я пабачыў на свае вочы на Каменнай Горцы, як натоўп амапаўцаў, ушасцёх б’юць аднаго чалавека і ля «АЛМІ» ўзрываецца граната, стаў усведамляць, што нас папросту могуць забіць у гэты вечар», – распавядае Зміцер, які пацярпеў 11 жніўня.

Праз пару дзён беларусы пабачылі яшчэ большы маштаб жорсткасці, калі з Акрэсціна пачалі выходзіць збітыя затрыманыя і распавядаць пра гвалт і катаванні з боку сілавікоў. Гэта толькі ўзмацніла пратэставы рух, ён набыў тэматычнасць: на маршы пачалі выходзіць рабочыя прадпрыемстваў, медыкі, жанчыны, людзі сталага веку, людзі з інваліднасцю ды студэнты.

«Навошта нам было хадзіць галасаваць, калі гэтыя галасы некуды дзеліся? Пачыналася ўсё з гэтага. А далей пайшло, бо я бачыў, што адбываецца. Разумею, што чалавек можа ўсё жыццё працаваць на дзяржаву, а пасля яго могуць затаптаць у бруд», – кажа Віктар, удзельнік маршаў супраць гвалту.

З часам штодзённы пратэст адышоў з цэнтральных вуліцаў на лакальны ўзровень. У шмат якіх сталічных дварах пачалі ладзіць сустрэчы, культурніцкія імпрэзы. Людзі арганізаваліся ў суседскія супольнасці ды на вялікія нядзельныя маршы пачалі хадзіць цэлымі раёнамі.

«Разрастанне пратэсту ўнутр людзей, унутр свядомасці і сэрцаў адбылося досыць хутка. І ў першую чаргу дзякуючы гвалту, які чалавек з садысцкімі здольнасцямі не ў стане спыніць», – мяркуе літаратар і публіцыст Севярын Квяткоўскі.

Яшчэ адной рысаю падаўлення беларускага пратэсту ёсць рэпрэсіі ў дачыненні журналістаў. Беларуская асацыяцыя журналістаў паведамляе пра 360 выпадкаў затрымання калегаў ад пачатку жніўня. Двойчы быў затрыманы і адседзеў 11 содняў за кратамі фатограф Аляксандр Васюковіч, што мае досвед працы ў гарачых кропках.

«На Данбасе самай вялікай небяспекай было, што цябе недзе здалёк абстраляюць з якой-небудзь артылерыі, мінамёта ці сістэмы залпавага агню. І ты нават не будзеш нікога бачыць. А ў астатнім больш-менш спакойна, ты перасоўваешся, няма такой пагрозы, што цябе будзе хапаць кожны сустрэчны», – прыгадвае фатограф Аляксандр Васюковіч.

Агулам вядома пра больш як 27 тысячаў затрыманых за ўвесь час пратэстаў. На мірных дэманстрантаў склалі 24 тысячы адміністратыўных пратаколаў і завялі больш за 900 крымінальных справаў. Пры гэтым ніводнай крымінальнай справы ў дачыненні сілавікоў за гвалт і забойствы так і не ўзбудзілі.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»