Cуды за ланцугі салідарнасці прайшлі па ўсёй Беларусі


На 10 содняў асудзілі фігуранта «справы Ціханоўскага» Васіля Баброўскага за дзеянні, што парушаюць грамадскі парадак. Прысуд вынес Гарадзенскі абласны суд. Сам Баброўскі цяпер у СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску. Таксама судзілі сёння і за акцыі салідарнасці з затрыманымі. Па ўсёй краіне.

Арышты, штрафы, а цяпер і папярэджанні… Прысуды падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі сыплюцца як з рога дастатку.

«Дзіўна, што далі толькі папярэджанне. Таму што ў навінах – у асноўным 20 базавых, 30 базавых усім давалі. Рэальна ў шоку», – кажа студэнт Мікалай Сянькевіч.

У Менску сёння масава судзілі ўдзельнікаў ланцуга салідарнасці, які адбыўся ў сталіцы 19 чэрвеня і скончыўся затрыманнямі. Пры гэтым у жорны беларускага правасуддзя трапілі і звычайныя мінакі.

«Гэта ў любым выпадку цырк, паколькі я гуляў з сяброўкай з сабакам і проста моўчкі падтрымліваў – ні пляскаў, ні крычаў, нічога не біў. І за гэта атрымаць пакаранне – гэта ўжо ў прынцыпе абсурд. І папярэджанне не моцна адрозніваецца для мяне ад содняў або штрафу», – гаворыць майстар будаўніча-мантажных работ Арцём Скапцоў.

Пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а таксама за непадпарадкаванне міліцыі – гэта было пазней. Само затрыманне менчукі апісваюць так: ішлі з сябрамі, нечакана схапілі, шок. І нават параўноўваюць з выкраданнем.

«Ніхто не прадстаўляўся. Я не чула, каб было аб’яўлена, што мы ўдзельнічаем у нечым незаконным. Падбеглі са спіны, схапілі, на пытанні не адказвалі. Грубымі выразамі прасілі замаўчаць», – распавядае жыхарка Менску Кацярына Маліноўская.

Аліне Стаўровай пашанцавала яшчэ менш. Пасля брутальнага затрымання ёй давялося нават здымаць пабоі ды пісаць заяву.

«Мяне схапілі з двух бакоў. Пры гэтым мяне трэслі. Праз гэта я атрымала траўмы – цялесныя пашкоджанні. І сілай закінулі ў мікрааўтобус. На мужа, які ўжо ляжаў на падлозе там», – распавядае бізнес-аналітык Аліна Стаўрова.

Суды адбыліся сёння і ў Воршы. Удзельнікаў мясцовага ланцуга салідарнасці асудзілі да арышту. Паўла Парфененку – на 10 дзён, Аляксандра Андрэева і Генадзя Ларыёнава – на 15 содняў.

«Справядлівым я гэта не лічу. Мяне другі раз асудзілі за апошнія два месяцы. Гэты раз я пабыў на плошчы літаральна 15 хвілін. Праязджаў побач, падышоў да хлопцаў – і ўсё, за гэта асудзілі – 15 содняў, я не чакаў», – кажа валанцёр ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Генадзь Ларыёнаў.

Да суда актывісты правялі трое содняў у ізалятары часовага ўтрымання. А вось пасля паседжання іх нечакана вызвалілі. Відавочна, што адбываць пакаранне прыхільнікі Сяргея Ціханоўскага будуць пазней.

«Хочуць, напэўна, да 9 жніўня – у момант, самы не адпаведны для дзяржавы, – самых актыўных і пасадзіць, каб не было заклікаў, людзей не збіралі», – мяркуе адміністратар тэлеграм-каналу «Орша для жизни» Аляксандр Андрэеў.

«Адчуванне, што затрыманні ідуць па плане – вось столькі чалавек трэба затрымаць. Бо, акрамя дваіх чалавек, адзін трапіўся на самым ланцугу, другі першы раз трапіўся, усе астатнія – тыя ж, каго арыштоўвалі ў першы ж дзень абвяшчэння выбараў у Воршы», – гаворыць праваабаронца Ігар Казмерчак.

У Віцебску таксама судзілі ўдзельнікаў мясцовага ланцугА салідарнасці. Затрыманаму напярэдадні Руслану Ахрымуку прысудзілі 7 содняў арышту. Аляксандр Мацяюк, якога тыдзень таму за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве аштрафавалі, гэтым разам штраф на 108 рублёў атрымаў за непадпарадкаванне міліцыі.

«Станоўчае рашэнне для мяне было б толькі апраўданне. Але ж не кінулі ў клетку. Дзякуй на гэтым, што не кідаеце ў клетку кожную нядзелю. Кожную суботу я заязджаю да вас на ІЧУ. Гэтую суботу я на свабодзе. Дзякую», – кажа актывіст Аляксандр Мацяюк.

Паводле праваабаронцы, артыкул 23 пункт 4 праваахоўнікі выкарыстоўваюць, каб замесці сляды брутальных затрыманняў. Аляксандр скардзіўся на збіццё.

«Калі 23.4 выстаўляюць – непадпарадкаванне, – гэта значыць, альбо міліцыя перастрахоўваецца адносна рашучых дзеянняў чалавека затрыманага, што намераны здымаць пабоі, альбо ў матэрыялах справы ёсць відэа, якое пацвярджае, што чалавек супраціву не аказваў», – гаворыць праваабаронца Ірына Траццякова.

Акцыі салідарнасці з затрыманымі актывістамі, калі людзі выбудоўваліся ў жывыя ланцугі ўздоўж вуліцаў і праспектаў, праходзілі па ўсёй краіне з 18 да 21 чэрвеня. Па падліках праваабаронцаў у гэтыя дні ў 19 гарадах затрымалі больш за 360 чалавек.На мінулым тыдні над удзельнікамі ланцугоў салідарнасці прайшло больш за 100 судоў. Чарговыя працэсы адбудуцца ўжо заўтра.

Анастасія Русецкая, «Белсат»