Cудны дзень за салідарнасць


Ужо а 9-й раніцы сваякі затрыманых удзельнікаў ланцуга неабыякавых у Ганцавічах прыйшлі да будынку раённага суда. Ад самае пятніцы людзі не ведалі, дзе іхныя блізкія. Мясцовыя праваахоўнікі на гэтыя пытанні не адказвалі.

«Ніхто не ведае, калі іх прывязуць. Гэта вельмі складана, мы два дні ўвогуле не спім, не ямо», – кажа Яна Цыбулька, жыхарка Ганцавічаў.

У выніку пяці затрыманым далі штрафы па 108 рублёў.

«Гэта свавольства. Прыехалі – узялі. Нахапалі людзей, білі. За што? Ніхто нават там не крычаў, ніхто нічога. Узялі – пасадзілі. Ніхто не тлумачыць, з якой прычыны», – сказаў жыхар Ганцавічаў Яўгеній Калесніковіч.

Пастанову суда для віцябляніна Паўла Пруднікава прысутныя ў зале суда сустрэлі воклічамі «ганьба!».Мужчыну аштрафавалі на 540 рублёў за ўдзел у пікеце з нібыта плакатамі ў падтрыманне Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча.

«Я нічога там не рабіў, проста знаходзіўся, праяўляў сваю грамадскую пазіцыю, я маю права паставіць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў», – кажа грамадскі актывіст Павел Пруднікаў.

810 рублёў штрафу атрымаў віцяблянін Аляксандр Мацяюк. Пасля затрымання яго жорстка збілі ў РАУСе. Нягледзячы на траўмы, у шпіталізацыі мужчыну адмовілі. Азнаёміцца з матэрыяламі справы таксам не далі. Пасля трох содняў арышту на 1215 рублёў аштрафавалі актывістку Алену Янушкоўскую. Аляксандра Спірыдонава пакаралі 15 соднямі арышту як арганізатара ланцуга салідарнасці ў Магілёве за апублікаваную ім абвестку ў інтэрнэце.

«Гэта я пісаў, бо з людзьмі кантактаваў, і яны запытвалі: ці будзе пікет, ці можна там будзе паставіць подпіс? Я кажу: «Так, можна». – «Калі што, напішы». Я напісаў», – распавёў жыхар Магілёва Аляксандр Спірыдонаў.

Больш за сорак адміністратыўных справаў за ўдзел у пікетах ды акцыях салідарнасці разгледзелі сёння ў сталіцы. Некаторыя суды ладзілі паседжанні ў рэжыме онлайн: да прыкладу, над менчуком Андрэем Забеліным, што прыйшоў у пятніцу да філармоніі паставіць свой подпіс. За гэта мужчыну давядзецца заплаціць 810 рублёў.

«Затаўкалі ў аўтазак, у аўтазаку сяржант спрабаваў мяне ўдарыць, але, пабачыўшы, што я не раблю ніякіх агрэсіўных дзеянняў, ён асекся. Але збівалі некалькі асобаў, якія не хацелі выключаць тэлефон», – кажа жыхар Менску Андрэй Забелін.

Паседжанні суда Савецкага раёну Менску праходзілі ў будынку ўстановы. Што праўда, трапіць на іх было няпроста.

«Нават там, дзе мы бачылі расклад, дзе адбываецца паседжанне, замяняюцца кабінеты: не ведаеш, куды ісці». – распавёў жыхар Менску Ігар Грышкавец.

«У мяне няма словаў! Жахліва, людзей судзяць за тое, што яны проста праходзілі міма. Мой малады чалавек проста праязджаў міма на ровары і падышоў, каб дапамагчы. За гэта яго загроб АМАП», – кажа жыхарка Меснску Яна Ліхтаровіч.

Гэтак, Мікіту Старавойтава аштрафавалі на 810 рублёў, а давераную асобу патэнцыйнай кандыдаткі на прэзідэнцтва Вольгі Кавальковай Юрыя Палейку – на 1080 рублёў. Сведкамі ў справе праходзілі выключна міліцыянты.

«Яны прыходзяць у канцылярыі па адміністратыўных справах і толькі сёння даведваюцца, над кім будзе суд і супраць каго яны будуць сведчыць. Гэта абсалютнае парушэнне заканадаўства. І вось тыя генералы і афіцэры, якія ў пятніцу затрымлівалі і заклікалі да законнасці патрабаванняў, яны сёння абсалютна беззаконна судзяць людзей, затрыманых па палітычных матывах», – кажа вылучэнка ў кандыдаты на прэзідэнцтва Вольга Кавалькова.

Бабруйску ж затрыманых грамадзянаў у суд прывезлі толькі напрыканцы дня. З ужо вядомых пастановаў суда – па 10 содняў арышту для Іллі Уласава і Уладзіміра Міхалапа, штраф 70 рублёў для Георгія Даніленкі.

Юлія Лабанава, «Белсат»