COVID-19 у Беларусі


Яшчэ тры смерці ды амаль паўтысячы новых выпадкаў COVID-19. Тэмпы распаўсюду каронавіруса ў Беларусі працягваюць біць сусветныя рэкорды. Улады ж працягваюць заспакойваць: маўляў, усё пад кантролем, а таксама намагаюцца збіць хвалю аптэчнага ажыятажу.

19 памерлых і 1981 выпадак каронавіруса. Сёння зранку Міністэрства аховы здароўя абнавіла афіцыйную статыстыку. Гэткім чынам, за содні рост захворванняў на COVID-19 склаў 495 выпадкаў, то бок 33,31 %. А таксама – плюс тры новыя смерці. Паводле чыноўнікаў, павелічэнне колькасці хворых паступовае і кантраляванае, а большасць выпадкаў – гэта кантакты 1 і 2 узроўняў. Выздаравелі 169 чалавек. Штопраўда, не ўсе лічбы ўсцяж дасяжныя для грамадскасці.

Дыялог партала TUT.BY і Алены Богдан, намесніцы міністра аховы здароўя:

Т.: «На гэтым тыдні паведамлялася пра 38 выпадкаў заражэння медыкаў у Віцебскай вобласці. Скажыце, калі ласка…»

АБ.: «Ну вось мы з вамі зноўку вяртаемся да лічбаў…»

Т.: «Алена Уладзіміраўна, я настойваю на гэтым пытанні, таму што калі мы не паведамляем дадзеныя, людзі…»

АБ.: «Я іх, шчыра, не падлічвала…»

Т.: «Ёсць два чалавекі, два медыкі, якія памерлі: у Віцебску 47-мігадовая медсястра і фельчар у Барысаве – 50 гадоў. Гэта людзі яшчэ зусім не сталыя. І таму ўсіх цікавіць, колькі медыкаў… Ёсць інфармацыя, што і ў 10 больніцы таксама ёсць заражаныя…»

АБ.: «Ува ўсіх краінах свету, дзе аказвалася медычная дапамога з каронавіруснай інфекцыяй, былі заражаныя медычныя працаўнікі».

Т.: «Але нідзе не хаваецца іх колькасць».

АБ.: «Мы таксама не хавалі іх колькасці. Я вам шчыра кажу: я папросту не лічыла – ані рэгіянальную статыстыку…»

Т.: «Але ж мы звярталіся на тыдні з запытам…»

АБ:: «Добра, мы падлічым. Я павінна вам сказаць, што медычныя працаўнікі ёсць і ў Менску, і ў Віцебску, сапраўды заражаныя каронавіруснай інфекцыяй».

Т.: «А сярод памерлых?»

АБ.: «Ёсць».

Т?: «Колькі?»

АБ.: «Я не буду гаварыць лічбы, я яшчэ раз вам кажу…»

Тым часам колькасць абмежаванняў у краіне павялічваецца. Вясновыя вакацыі ў школах працягнутыя да 18 красавіка. Таксама з сёння і да 1 ліпеня ў айчынных аптэках на распараджэнне Міністэрства здароўя пачало дзеяць абмежаванне на продаж некаторых лекаў і сродкаў аховы ад інфекцыяў.

«Вось пастанова – на двух аркушах. Парацэтамол, дзіцячы і дарослы, арпетол – не больш за 40 таблетак. Флустоп – адна ўпакоўка на 10 капсулаў. Сродак дэзынфекцыі – 2 упакоўкі. Маска медычная – 10 штук. Пальчаткі – 10 штук, 5 пар. Сродак дэзынфекцыі для апрацоўвання рук – 2 упакоўкі па 100 мілілітраў і 1 упакоўка не больш за 1 літр», – кажа працаўніца аптэкі з Менска.

Як заявіла намесніца дырэктара РУП «Белфармацыя» Алена Ганчарова ў каментары радыё «Свабода», беларусы пачалі масава скупляць у аптэках усё, што толькі можна, ды займацца самалячэннем. Тым часам, паводле справаздачы «Google», грамадзяне нашай краіны ўсё больш бяруць на ўзбраенне і самаізаляцыю. Яшчэ на дзень 5 красавіка наведанне беларусамі гандлёвых і забаўляльных цэнтраў, а таксама месцаў грамадскага харчавання скарацілася, у параўнанні з ранейшымі лічбамі, на 30 адсоткаў. Усё больш нашых суайчыннікаў пераходзяць на дыстанцыйную працу і адмаўляюцца ад паездак.

Вось што кажуць жыхары Менску пра асабістыя захады бяспекі:

«Я звычайна ў масцы хаджу – у грамадскім транспарце. Гэта больш для іншых трэба, я разумею. Рукі змазваю антысептыкам. Па барах не тусуюся».

«Бачыце, я ў масцы, пальчаткі, антысептык і самаізаляцыя».

«Аніяк. Я папросту ведаю, што ў масках няма сэнсу, гэта псіхалогія чалавека: нашу іх папросту, каб было спакайней. А так… Як ад яго абаронішся? Аніяк!».

«Вы ў прэзідэнта спытайце! Ён сказаў рукі мыць. Ён у нас дужа граматны!»

Таксама сярод дадатковых захадаў разглядаюць магчымасць увесці больш строгую адказнасць за парушэнне рэжыму каранціну. Гэтак напярэдадні ў сеціве з’явілася відэа, у якім студэнты інтэрнату БНТУ ўцякаюць з будынку праз вокны. Сёння студэнты, якім забаранілі пакідаць нават свае пакоі пасля падазрэння на каронавірус у адной з навучэнак установы, патлумачылі «Белсату», як насамрэч выглядае іхны рэжым ізаляцыі. Студэнты БНТУ распавялі аб жыцці ў інтэрнаце:

«Нікуды не выпускаюць – толькі ў масках пад распіску ў краму на 20 хвілін адзін раз у дзень».

«Пару чалавек звезлі, зараз бяруць тэсты шмат у каго. Ну а так спакойна ўсё».

«Сёння ўсё дэзынфекавалі, усе пакоі – наагул усё дэзынфекавалі».

І крыху эканомікі. Паводле БелаПАН, што спасылаецца на ліст міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова, накіраваны ў Рэспубліканскую канфедэрацыю прадпрымальніцтва, улады краіны разлічваюць на мільярд долараў ЗША крэдытаў на пераадоленне пандэміі. Пры гэтым, адзначае БелаПАН, калі пандэмія каронавіруса працягнецца, на гэтым звароты да крэдытораў сёлета не скончацца.

Валеры Руселік, «Белсат»