COVID-19 падняў «рэйтынг» ровараў


Сацыяльнае дыстанцыяванне, здароўе, а таксама эканомія грошай. Гэта асноўныя прычыны, з якіх людзі абіраюць ровар у Беларусі, – менавіта цяпер. Гарадзенскія роварныя актывісты цешацца з усё большай папулярнасці мясцовых дарожак для двухколавага транспарту.

«Так, стала заўважна. На працы з’явіліся людзі, якія ездзяць роварам. Нават тыя, пра якіх нельга падумаць. Таксама суседзі, стаў заўважаць, што пераселі на ровары, не ўсе, канечне» – кажа Аркадзь Кравец, роварны актывіст.

Большую колькасць раварыстаў у мясцовай майстэрні «IGUANA» звязваюць перадусім з небяспекай каронавіруса. Але адыгрывае ролю і папулярызацыя двухколавага руху.

«У гэтым годзе заўважна павялічыўся паток кліентаў, цяжка прааналізаваць, ёсць і новыя і ўжываныя ровары. Сапраўды, плынь большая. Думаю, што звязана гэта з павелічэннем сеткі крамаў. Другое – тое, што ровары сталі больш даступныя, і відаць, што людзі пачалі катацца семʼямі» – адзначае індывідуальны прадпрымальнік (рамонт ровараў) з Горадні Аляксандр Ільяшэнка.

Што ж да продажаў новых ровараў то тут не ўсё адназначна. У некаторых крамах кажуць, што попыт нават менш, чым у мінулым годзе. Таксама ёсць праблемы з пастаўкамі некаторых мадэляў, а ў некаторых крамах мяркуюць, што попыт застаўся такі самы, аднак патрабаванні кліентаў памяняліся.

«Калі ў мінулым годзе ровары бралі так, на адзін сезон, то цяпер відавочна, з крызісам людзі сталі больш пераборлівыя, хочуць ровары больш высокай якасці, каб хапіла даўжэй. Каб менш укладаць грошай далей у абслугоўванне» – кажа супрацоўнік крамы «веломастер» з Берасця Сяргей.

Адгалоскі хутчэй крызісу, чым каронавіруса, у роварных крамах адчуваюцца і ў наступным…

«Змянілася колькасць, вельмі шмат ровараў у параўнанні з мінулым годам, якія афармляюцца ў растэрміноўку!» – дадае важную заўвагу Канстанцін, кансультант у краме «2 колеса»

А ці гатовыя грамадзяне цяпер часцей карыстацца роварам, мы запыталі на вуліцах Берасця.

– Пакуль не назбіраў грошай. Маршрутка то туды, то сюды.

– Не, напэўна. А чаму? Бо на працу ехаць далёка на аўтобусе, мне так зручней, чым роварам.

– У мяне і аўтамабіль стаіць непатрэбны, я на ровары ці пехам.

– Ровар? Так, гатовая! А чаму не? Фінансы спыняюць. Не хапае грошай.

Тое, што ровар інвестыцыя не малая – ведаюць у Еўропе. Гэтае, улады Францыі з увядзеннем каранціну раздаюць людзям 50 еўраў на рамонт старых ровараў. У Вялікай Брытаніі выдаткавалі 160 мільёнаў фунтаў на дабудову роварных дарожак, а ў Бруселі раварысты атрымалі поўны прыярытэт перад любым транспартам на цэнтральных вуліцах. Толькі нашая краіна ў гэтым сэнсе пакуль унікальная, бо ў нас раварыст – не пешаход, але і ездзіць разам з аўтамабілямі забаронена – і за гэтае парушэнне можна атрымаць рэальны штраф.

Кірыл Смяглікаў «Белсат»