COVID-19: Новыя ахвяры, новыя захады


Цягам мінулых содняў цераз украінскую мяжу прайшлі каля 50-ці тысячаў чалавек. З іх амаль 37 з паловаю тысячаў вярталіся ва Украіну. Праз гэта на памежных пераходах утварыліся вялізныя чэргі.

«Калі б прытрымлівацца правілаў адлегласці і стаць за паўтара-два метры адзін ад аднаго, чарга расцягнулася б да Кракава. Натоўп людзей, а маскі толькі адзінкі маюць, не кажучы пра нейкую бяспечную адлегласць», – распавядае ўкраінец, які працуе ў Польшчы Сяргей Тымчук.

Украінцы, пераважна працоўныя мігранты, масава пачалі вяртацца дадому пасля таго, як прэзідэнт Уладзімір Зяленскі абвесціў пра закрыццё межаў:

«Мы дзеем настолькі жорстка, наколькі гэтага патрабуе сённяшняя сітуацыя і выклікі будучыні. Менавіта таму да канца пятніцы 27-га сакавіка будзе закрытая дзяржаўная мяжа і прыпыненыя ўсе пасажырскія перавозы».

З інфармацыі, размешчанай на сайце Міністэрства замежных справаў Украіны, вынікае, што трапіць на яе тэрыторыю можна і цяпер: на ўласным аўтамабілі ці пешкі. Паводле Бі-Бі-Сі, сёння мінаюць украінскую мяжу значна менш людзей, чым учора.

Хвалю банкруцтваў і скарачэнне працоўных месцаў лічыць галоўнаю пагрозаю для сусветнай эканомікі Міжнародны валютны фонд. Адмыслоўцы МВФ афіцыйна пацвердзілі пачатак сусветнай рэцэсіі.

«Цяпер стала зразумела, што мы ўступілі ў рэцэсію такую ж ці нават горшую, чым у 2009 годзе. Аднаўленне можа пачацца ў 2021 годзе. Але толькі калі ў нас атрымаецца лакалізаваць вірус паўсюль і перадухіліць пераход праблемаў з ліквіднасцю ў праблемы плацежаздольнасці», падкрэсліла распарадчая дырэктарка МВФ Крысталіна Георгіева.

Супрацоўнічаць і аб’ядноўвацца заклікаў лідараў краінаў «Вялікай дваццаткі» генеральны дырэктар сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Тэдрас Гебрэесус паведаміў пра лячэнне першых пацыентаў у Нарвегіі ў межах праграмы «Тэсты салідарнасці». Навукоўцы будуць параўноўваць бяспеку і эфектыўнасць чатырох розных медыкаментаў супраць COVID-19. Удзел у «Тэстах салідарнасці» бяруць хворыя добраахвотнікі, да праграмы ўжо далучылася 45 краінаў.

«Тыдні былі жахлівыя, неверагодная колькасць болю. У мінулую пятніцу сюды прыязджала хуткая. Я думаю, гэта цудоўна, калі мой муж, я ды іншыя хворыя на COVID-19 можам спыніць развіццё хваробы і дапамагчы хворым людзям», – адзначае ўдзельніца праграмы з Нарвегіі Сэсілі Бэкман.

Амерыканская кампанія «Abbott Laboratories» заявіла, што з наступнага тыдня пачне выпускаць штодзённа 50 тысяч тэстаў на каронавірус, якія дазваляюць атрымаць вынік цягам некалькіх хвілінаў.

Са снежня мінулага года каронавірусам у свеце заразіліся больш як 600 тысячаў чалавек, больш за 28 тысячаў памерлі. Больш за ўсё хворых цяпер у Злучаных Штатах. У Італіі ж цягам мінулых содняў памерлі 969 чалавек – гэта найвышэйшы паказнік для асобнай краіны з пачатку пандэміі. Тым часам кітайскі Ўу-Хань пасля больш як двухмесячнай ізаляцыі часткова адмяніў каранцін.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»