COVID-19: Беларусь і свет


Рэкорд прыросту інфікаванняў ад лютага. Айчыннае міністэрства аховы здароўя канстатавала амаль плюс тысячу выпадкаў заражэння каронавіруснай інфекцыяй за содні.

Напярэдадні Беларусь пастанавіла аб пераносе планавых аперацыяў ды часовую змену профіляў некаторых шпіталяў пад лячэнне Кавіду. Увяла 10-дзённы каранцін для замежнікаў. А сёння, спасылаючыся на эпідэмію, Лукашэнка пастанавіў зачыніць межы з суседзямі. Ці дастаткова такіх захадаў?

«Ведаеце, гэта будзе хутка, як вятранка, усе перахварэюць рана ці позна».

«Калі, дапусцім, дзеці хварэюць і сядзяць за адной партай. Таго дзіцёнка ўвозяць на каранцін, а ўвесь клас – не. Навошта так робяць, калі дзеці чапаюць адныя ручкі, у адным гардэробе пераапранаюцца».

«Я цяпер сам са шпіталю, толькі вылекаваўся. Жонка і дзеці здавалі кантакт, тэлефанаваў ім. Адразу пайсці ў паліклініку і здаць мазок – гэта нерэальна».

Набліжаецца да 18 тысяч – лічба новых заражэнняў у Расеі. Агульная колькасць хворых – адна з найбольшых у свеце. З каранцінных абмежаванняў там – часткова зачыненыя школы і забарона працы бараў ды рэстаранаў у начны час.

«Эфектыўна працуе вакцына «Вектар». Пытанне ў наладжванні масавае вытворчасці. Ужо ва ўсе рэгіёны гэтая вакцына паступіла. Спадзяюся, што масавую вакцынацыю мы зможам пачаць пры канцы году», – распавёў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Ва Украіне – больш за 7 тысяч новых інфікаваных. Больш за ўсё хворых – у Кіеве, Харкаўскай, Львоўскай і Адэскай вобласцях. З прычынаў перанапружанасці лабараторыяў – паўстае ценявы бізнес.

– Наконт даведак, што вы кажаце, Ковід, трэба зрабіць тэсты, у нас у Адэсе, наколькі я ведаю, вельмі складана з гэтым.

– Так.

– А можаце паспрыяць вырашыць пытанне?

– Думаю, што ўсё вырашальна. У нас ёсць партнёры, можам вам дапамагчы.

– А дыстанцыйна?

– Без праблемаў, не турбуйцеся.

Ахвотныя скарыстацца такой паслугай – перадусім аматары «гарачых тураў». Набыў даведку – можаш не чакаць на вынік тэсту ды ўжо збіраць валізкі ў адпачынак.

«Будзем шчырыя: у нашай краіне гандаль даведкамі – гэта нацыянальны від спорту. Гэта датычыць даведак пра ПЛР-тэставанне. Мы, вядома, нашым турыстам не рэкамендуем, пагатоў, паводле нашай інфармацыі, розніца ў кошце паміж ПЛР-тэстам і ліпаваю даведкай, якую ўмоўна прапаноўваюць у інтэрнэце, не такая вялікая», – распавёў дырэктар турыстычнага агенцтва ў Адэсе Аляксандр Даўгапол.

Каб зрабіць бяспечным пералёт для ўсіх пасажыраў, Міжнародныя авіялініі Украіны запрапанавалі ўвесці адзіны стандарт для даведак на Кавід-19.

«Мы ўжо цяпер звярнуліся ў Міністэрства аховы здароўя Украіны з просьбай абараніць сертыфікаты, якія выдаюцца клінікамі на тэрыторыі Украіны, і патлумачыць нам як перавозніку алгарытм нашых дзеянняў для правярання легітымнасці гэтых сертыфікатаў», – кажа дырэктарка падтрымання вытворчасці МАУ Таццяна Арлова.

Напружаная сітуацыя і ў Нямеччыне. За мінулыя содні – больш за 16 тысяч заражэнняў. Гэта самы высокі паказнік за ўвесь час эпідэміі. Агулам лічба інфікаваных набліжаецца да паўмільёна. Ангела Мэркель прапанавала ўзмацніць абмежаванні ад панядзелка.

«Такая дынаміка распаўсюду каронавіруснай інфекцыі перагрузіць нашыя рэанімацыі ўсяго праз некалькі тыдняў. Гэта дэманструе, што на пачатку халоднага сезону мы апынуліся ў драматычнай сітуацыі. Гэта ўплывае на ўсіх нас, без вынятку», – заявіла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.

Другі нацыянальны лакдаўн абвесціла Францыя. Ад заўтра на кантынентальнай частцы краіна замыкае межы з Еўразвязам. Месцы збору вялікай колькасці людзей будуць зачыненыя. Пры неабходнасці можна будзе выходзіць з дому. А вось школы – застануцца адчыненымі.

Юлія Лабанава, Белсат.