COVID-19: 304 інфікаваных


Чатыры смяротныя ахвяры, 256 чалавек лекуюцца і 46 ачунялі. Пасля трохдзённага перапынку Міністэрства аховы здароўя дало поўную статыстыку распаўсюду Ковід-19 у краіне. Але інфармацыі як і дзяржаўных захадаў усцяж недастаткова.

Для суседніх краінаў, як і для большасці краінаў Еўропы, такая ранішняя карцінка ў Менску цяпер немагчымая – бацькі вядуць дзетак у садок. Побач – садок нумар 398. Учора яго закрылі – паводле бацькоў, у адной з працаўніц падазраюць каронавірусную інфекцыю. Гэты ж – 399-ты – працуе як звычайна.

«Дзіця баюся весці ў сад ці не баюся – мне трэба на працу ісці».

«Усе працуюць нас ніхто не закрывае, у нас у групе сем дзетак. Пакуль будзем хадзіць».

«Хацелася б больш інфармацыі, але спадзяемся на лепшае заўсёды», – кажуць бацькі.

Менавіта праз адсутнасць пэўнай інфармацыі вакол сітуацыі з каронавірусам узнікаюць чуткі. Не пацвердзіліся звесткі пра смерці ад «Ковід-19» у Пінску. Няма пацверджанняў і таго, што нібыта на каранцін закрылі Акадэмію міліцыі ў Менску. Але сітуацыя ў больніцах напружаная, паведаміў «Белсату» на ўмовах ананімнасці доктар з хуткай дапамогі:

«Шмат пацыентаў з пнеўманіямі. Са словаў дактароў, якія працуюць у стацыянарах, ім проста фізічна не даюць магчымасці праводзіць тэсты на «Ковід-19» з простай прычыны – пацыенты недастаткова цяжкія. У нас праводзіцца тэставанне ў крайне цяжкіх пацыентаў ці з кантактных групаў».

Каранцінных абмежаванняў у Беларусі не ўвялі, і эпідэмічнага стану не абвяшчаюць. Але ўрад перадаў кіраўніку краіны комплекс захадаў дзеля падтрымання бізнесу і насельніцтва ва ўмовах пандэміі. На захады плануюць накіраваць 110 мільёнаў рублёў.

Шмат якія ўстановы фактычна прымаюць каранцінныя захады – абмяжоўваюць наведванні ці пераходзяць у онлайн. Прыватная школа «Stembridge» у Менску на дыстанцыйнае навучанне перайшла яшчэ на мінулым тыдні, заручыўшыся падтрыманнем бацькоў сваіх вучняў.

«Палічыўшы, што здароўе гэта першае, што мы павінны захаваць у дзяцей, мы пайшлі на гэты эксперымент. І практычна першыя ў краіне пачалі навучаць дзяцей дыстанцыйна», – тлумачыць выкладчыца інфармацыйных тэхналогіяў Яўгенія Гушчына.

Інфармаванне грамадзянаў і прыцягненне ўвагі да праблемы эпідэміі сталі мэтай акцыі руху «За свабоду». Актывісты раздалі ў цэнтры Менску медычныя маскі, антысептыкі ды ўлёткі пра каронавірус.

«Дзяржава мала клапоціцца. Пазіцыя дзяржавы – «а раптам пранясе». Гэта як схадзіць у казіно і зрабіць стаўку, але кошт гэтай гульні – здароўе тысяч беларусаў, бо па ўсім свеце хвароба збірае ахвяры», – кажа старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Некалькі соцень масак і паўсотня антысептыкаў разышліся літаральна за 10 хвілінаў, падкрэслівае палітык.

«Станоўча вельмі. Абышла пяць аптэк ні ў воднай ні масак, ні парацэтамолу няма».

«Вельмі шмат студэнтаў хвалюецца, бо мы не ведаем, ці ехаць дадому, ці хвалявацца, ці гэта жарты. А гэтая акцыя паказвае што ўсё сурʼёзна», – кажуць менчукі.

Кіраўнік жа краіны па-ранейшаму змяншае значнасць праблемы распаўсюду каронавіруса ў Беларусі. У інтэрвʼю тэлекампаніі «Мір» Лукашэнка чарговы раз назваў каронавірус псіхозам і варʼяцтвам і запэўніў, што строгія захады толькі пагоршаць сітуацыю. Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя дало статыстыку адносна каронавіруса толькі пасля таго, як новую колькасць памерлых агучыў кіраўнік краіны.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Фота: Stanislav Krasilnikov / TASS / Forum