Чырвонаму касцёлу выставілі непадʼёмны для вернікаў рахунак


За шэсць месяцаў бягучага года Касцёлу Святых Сымона і Алены ў Менску налічылі 156 тысяч рублёў. Сярод артыкулаў, за якія налічылі гэткую суму, у жыроўцы адзначылі падатак за зямлю і амартызацыю. Паводле прадстаўнікоў парафіі, гэта звязана з тым, што будынак Чырвонага касцёлу – камунальная ўласнасць і не належыць вернікам. Але адкуль узяліся новыя кошты, яны не разумеюць.

«У 2013 годзе, здаецца, Менгарвыканкам перадаў яго ў падпарадкаванне «Менскай спадчыне». І ад таго часу была падпісаная дамова і не было такіх рахункаў. А зараз, чамусьці, пасля рэканструкцыі быў выстаўлены такі рахунак», – кажа прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько.

Мы патэлефанавалі прадстаўнікам камунальнага будаўніча-эксплуатацыйнага прадпрыемства «Менская спадчына», за кошт якога рамантавалі касцёл.

«Нашае прадпрыемства не каментуе гэтае пытанне», – паведамілі ў прыёмнай прадпрыемства «Менская спадчына».

Сёння ж мусіла адбыцца сустрэча прадстаўнікоў парафіі з чыноўнікамі Менгарвыканкаму, але яе перанеслі на нявызначаны тэрмін. У парафіі маюць намер і далей разбірацца з пытаннем узнікнення гэткіх высокіх коштаў. Тым больш, што касцёл значыцца ў пераліку матэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасцяў, вызваленых ад падаткаў на нерухомасць і зямлю, што зацвердзіла пастанова Савету Міністраў № 1194 ад 2012 года.

«Будзем ведаць, што гэта яшчэ адзін плюс, каб паказаць, што мы не павінны плаціць такіх вялікіх грошай», – зазначае ксёндз Юрый Санько.

Цяпер у касцёле збіраюць подпісы з просьбаю перадаць будынак касцёлу парафіі. Як паведамілі нам у канцылярыі, пад зваротам падпісалася амаль 1500 асобаў. Мы запыталіся мінакоў, чаму яны падтрымліваюць Чырвоны касцёл у няпростай сітуацыі.

«Царква – гэта месца, дзе трэба маліцца і ўсё. У двух словах. Я вырашыў падтрымаць тое, што адбываецца тут».

«Касцёл – месца, куды чалавек прыходзіць і моліцца, для мяне – месца роднае. Пра тое, што збіраюць подпісы я цяпер даведалася, пабачыла пра гэта. І подпісы ставяць – гэта як просьба, каб знізілі і прыбралі падатковую залежнасць, бо ў касцёла грошаў няма».

«Мы праваслаўныя, але нейкая салідарнасць павінна быць, таму што бязмежжа навокал атрымліваецца. Таму як грамадзянін не магу ў баку заставацца».

Подпісы можна пакінуць і онлайн на сайце petitions.by. На момант стварэння сюжэту петыцыю падпісалі 495 асобаў. Ці дасць гэта плён, у каталіцкай парафіі казаць не бяруцца, бо сённяшні зварот – не першая спроба вярнуць Чырвоны касцёл вернікам.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»