Аб'ектыў 24.05.2018 Чыноўнікі зноў зоймуцца «дармаедамі». Ці чакаць пратэстаў?


Камісіі ў справах «дармаедаў» ужо створаныя і гатовыя разглядаць звароты грамадзянаў, якія аказаліся ў цяжкай сітуацыі, а таксама складаць спісы тых, каго варта накіраваць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Актыўна працуюць і ў Міністэрстве працы. Там цяпер складаецца спіс паважлівых прычынаў незанятасці грамадзянаў.

Цяпер замест платы падатку для ўсіх дармаедаў – індывідуальны падыход да кожнага. Гэтак разглядаць сітуацыю грамадзянаў, што апынуліся без працы, пачнуць неўзабаве. Шмат дзе ўжо пачалі працаваць камісіі ў справах беспрацоўных. Скіроўваць туды заяву пра складаную жыццёвую сітуацыю можна і цяпер.

«Дэкрэт не скасаваны, бо тыя чыноўнікі, хто яго рабілі і дакладвалі на версе, што гэта ўсё добра, цяпер дакладваюць, што ні да чаго добрага не давядзе – трэба са сваёй пасадаю развітацца. А нікому ж не хочацца. Таму вось дэкрэт прыняў вось такія абставіны», – адзначае старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Над спісам складаных жыццёвых сітуацыяў яшчэ працуюць. Аднак ужо вядомы пералік асобаў, якія не трапяць у базу дармаедаў.

Сярод тых, каго раней датычыў дэкрэт, а цяпер апынецца па-за яго дзейнасцю, – грамадзяне, што даглядаюць састарэлых сваякоў і дзяцей, якія часта хварэюць, а таксама людзі, што жывуць з уласнае гаспадаркі ды маюць участкі пад будоўлю дамоў, калі гэта не Менск і Менская вобласць. Гэтак кола дармаедаў будзе больш абмежаванае, чымся раней. Аднак усё адно, паводле папярэдніх падлікаў Міністэрства працы, пад дэкрэт могуць трапіць прыблізна 250 тысячаў чалавек.

«Цяпер шмат будзе людзей, у якіх складаная жыццёвая сітуацыя. Што вы можаце прапанаваць? Калі вы прапануеце працу ў рэгіёнах за 500-600 рублёў на месяц, колькі гэтых будзе працоўных месцаў? Людзі пагодзяцца. А колькі іх будзе?» – кажа старшыня прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч.

Што праўда, Міністэрства працы канстатуе сапраўдны бум на рынку працы. А менавіта – 65 тысяч вакансіяў. У суадносінах да афіцыйна зарэгістраванай колькасці беспрацоўных гэта амаль 3 вакансіі на кожнага дармаеда. Ці адчулі на сабе спад беспрацоўя грамадзяне?

Жыхары Магілёва кажуць:

«Яны вельмі нізкааплатныя, на гэтыя вакансіі ніхто не хоча ісці працаваць».

«Я сама доўгі час шукала працу, і, шчыра кажучы, тыя заробкі, на якія прапануюць ісці людзям, – гэта смешна насамрэч».

«Залежыць усё ад цябе. Калі ты хочаш пайсці на 250 рублёў або на 300».

Вакансіяў шмат, але капеечныя заробкі проста. Калі былі б нармальныя заробкі, яшчэ можна было б. Людзям сем’і карміць, крэдыты плаціць».

Паводле экспертаў, на рост вакансіяў паўплывала некалькі фактараў. З’яўленне сезоннай працы, змяншэнне колькасці насельніцтва і рост асобаў пенсійнага ўзросту, а таксама – адток працоўнай сілы за мяжу.

«У Літве, у Польшчы ўмовы для прыёму беларусаў палепшыліся, у Польшчы ўвогуле эканамічны рост каля 9 адсоткаў цяпер. Яны патрабуюць працоўную сілу. Там адбываецца адток працоўнай сілы на Захад кваліфікаванай на вялікія заробкі, ну, а нашыя перакачоўваюць туды замест іх на сярэднія заробкі», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Сітуацыя, калі камісіі будуць не ў стане забяспечыць адпаведнага заробку гэтак званым дармаедам, а будуць скіроўваць на малааплатныя вакансіі, наўрад ці задаволіць грамадзянаў. А гэта можа зноў выклікаць хвалю абурэнняў у грамадстве.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары