Чыноўнікі бяздзеяць у справе аб экалагічных параметрах новага заводу «Амкадор»


Ад першых дамоў паселішча Калодзішчы ўжо праз 140 метраў размесціцца новы завод спецыяльных машынаў, які пабудуе холдынг «Амкадор». Насельніцтва супраць. А чыноўнікі на ўсіх узроўнях чыняць перашкоды ў азнаямленні з экалагічнай экспертызаю.

Машынная вытворчасць размесціцца на 18-ці гектарах зямлі – за сотню метраў ад жылых кварталаў. Прадугледжаныя вытворчыя карпусы, паркінгі, фарбавальныя цэхі ды іншыя аб’екты. Збіраюцца выпускаць ад шасці да дванаццаці тысяч пагрузчыкаў за год. Мясцовыя жыхары абураюцца:

«Шэсць тысяч пагрузчыкаў тут будуць выпускаць, гэта будуць тры змены лініі працаваць! Няўжо не было іншага месца для заводу?»

«Прапанавалі: будуйце дом, і каля лесу, паўсюль, дзе чыста, хораша. Навошта кватэра? Ну, мы пабудавалі. І што атрымоўваецца? Не я да заводу – да мяне завод прыйшоў! Я ад заводу, а да мяне – завод!»

«Жыць побач з заводам – гэта нічога добрага не прадвяшчае. У мяне двое маленькіх дзяцей. Мне важна, што яны п’юць, чым яны дыхаюць».

«Ні ўвечары, ні ўначы спакою нам не будзе. Ну, і зноў жа, шкодныя выкіды адтуль. Мы жывем у лесе, дыхаем свежым паветрам, але калі гэта будзе вылятаць у трубу, то такога, вядома, ужо не будзе».

Экалагічны пашпарт аб’екта кажа пра трыста тон выкідаў за год, з чаго ледзь не палова трапіць у паветра неачышчанымі. Прадстаўнікі холдынгу супакойваюць: маўляў, выкіды асядуць у стометровай зоне. Праўда, азнаёміцца з экалагічнаю дакументацыяй жыхарам і эколагам не даюць.

«Амкадор» прапаноўваў гэты доступ толькі ў выглядзе «прыходзьце ў кабінет і чытайце вачыма», а там у дакументацыі вялікая колькасць табліцаў, там ёсць схемы рассейвання, гэта малюнкі, чарцяжы, іх немагчыма ніякім чынам перамаляваць», – распавядае Грыгорый Фёдараў, юрыст ГА «Экадом».

Старшыня рады дырэктараў ААТ «АМКАДОР» Аляксандр Шакуцін экалагічнай праблемы не бачыць:

«Мы не парушаем экалогіі, выкідаў ніякіх ад заводу не будзе. Мы ўжылі сучасныя тэхналогіі. Такія заводы можна будаваць з кандытарскай або парфумернаю фабрыкаю».

Экалагічныя ўмовы – не адзіная прэтэнзія мясцовага насельніцтва. Будуюць шматкватэрныя дамы пасярод прыватнага сектару Міхайлаўскі Кут, хаця жыхары даўно чакаюць новую школу і садок. Разбудоўваюць дарогу на вуліцы Менскай, каб прапусціць паток фураў. Кажа Ірына Пратасевіч, мясцовая актывістка:

«Дарогу пашыраюць, а мусяць зрабіць проста капітальны рамонт. Расшырэнне вядзецца, каб увесь транспартны паток пайшоў на завод. 03:27- «У нас школу вось тут, якая і так па нарматывах вельмі блізка ад дарогі, збіраюцца яшчэ на тры метры зменшыць тэрыторыю».

Жыхары агулам звярнуліся ледзь не ў сотню ўстановаў ды інстанцыяў у пытаннях законнасці генеральнага плану новага заводу, але паўсюль атрымоўвалі адпіскі.

Жыхары Калодзішчаў звярнуліся ў суд з пазовам атрымаць ад «Амкадору» доступ да ўсіх неабходных дакументаў і зрабіць фотакопіі. І неўзабаве на судзе высветлілася: правы на праектную дакументацыю заводу перададзеныя іншай арганізацыі – даччынаму прадпрыемству «АМКАДОР-Маш». Холдынг проста скінуў з сябе абавязкі.

«Перадача дакументаў у іншую арганізацыю – гэта вельмі цікавы момант, бо яна прайшла яшчэ да круглага стала, на якім холдынг «Амкадор» прадстаўляў праект. А насамрэч праект ужо быў прададзены», – каментуе юрыст ГА «Экадом» Грыгорый Фёдараў.

Прадстаўнікі холдынгу ад каментароў устрымаліся. Далей адказнасць кладзецца на даччынае прадпрыемства «АМКАДОР-Маш». Вольга Міронава, начальнік праўлення холдынгу «АМКАДОР»:

«Гэтыя пытанні адносяцца да судовага паседжання. Я не буду тлумачыць».

Генеральны падрадчык будаўніцтва заводу – «CITIC Consctruction», адная з найбуйнейшых інвестыцыйных кітайскіх кампаніяў. Таму кошт пытання для кіраўнікоў холдынгу – мільёны долараў. Для жыхароў Калодзішчаў – здароўе дзяцей. Працяг судовай справы – 16-га лістапада.

Таццяна Уласенка, belsat.eu