Чыноўнікі спужаліся Павука і не пусцілі яго на сваю нараду


Вядомы блогер з Акцябрскага Андрэй Павук падаў у суд на мясцовы райвыканкам і райсавет. Чыноўнікі, мяркуе блогер, парушаюць Канстытуцыю, перашкаджаючы збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Першае паседжанне адбылося сёння, але кропка не пастаўленая. Мы ж пытаем, чаго так баяцца чыноўнікі, калі, як дэкларуюць, служаць народу.

«Вітаю, сябры! Калі верыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, то адзінай крыніцай улады ў нашай краіне з’яўляецца народ», – гаворыць у сваім відэазвароце блогер Андрэй Павук.

Аднак чыноўнікі Акцябрскага райвыканкаму Канстытуцыі хіба не вераць, бо прадстаўніка народа – блогера Андрэя Павука – пазбавілі канстытуцыйнага права: на адкрытыя мерапрыемствы ўстановы яго не пускаюць. І блогер пайшоў у суд.

«Я хачу ўсяліць у людзей пэўнасць, каб паяднаць іх і каб мы разам кіравалі нашым раёнам. А не як цяпер: вось яны нават не даюць справаздачы, што яны робяць. Што хоча, тое і робяць. Нам не падабаецца, што яны робяць, але яны не звяртаюць на нашыя скаргі ўвагі. Трэба пытаць нас», – кажа блогер.

Доступ да інфармацыі блакуюць, хаця галоўны закон краіны кажа:

«Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя», – гаворыцца ў 34 артыкуле Канстытуцыі Беларусі.

Але чыноўнікі з Акцябрскага райвыканкаму і райсавета спасылаюцца на рэгламент дзейнасці ўласных установаў.

«Калі гэта раённая адміністрацыя ці гарадская, грамадзянін у праве ведаць, таму што ён жыве ў гэтым горадзе, у гэтай мясцовасці. А яны прымаюць такія дзеянні, якія датычаць любога грамадзяніна, які жыве на гэтай тэрыторыі», – тлумачыць Алесь Яўсеенка, праваабаронца.

У падтрыманне блогера вядзецца таксама збор подпісаў на партале zvarot.by.

«Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, што падпісаліся, дэлегуем Павука Андрэя Уладзіміравіча дзеля прысутнасці на апаратных пасяджэннях Акцябрскага райвыканкаму, а таксама дзеля прысутнасці на раённых сесіях дэпутатаў», – гаворыцца ў петыцыі ў падтрыманне блогера.

Праз блогера падпісанты хочуць атрымліваць праўдзівую і дакладную інфармацыю аб працы дзяржорганаў. Улады ж чыняць усялякія перашкоды. Гэтак напярэдадні блогера затрымала міліцыя, і ён не патрапіў на выязное паседжанне Акцябрскага райвыканкаму ў вёску Буда.

«Спачатку сказалі за супрацу з «Белсатам», а потым сказалі, што за складанне адміністрацыйнага пратакола, ужо яны перадумалі», – тлумачыць Андрэй Павук.

Чаго ж так баяцца чыноўнікі Акцябрскага райвыканкаму ды ня толькі? Практыка закрытасці для распаўсюду незалежнае інфармацыі вядомая па ўсёй краіне.

Жыхары Гомля:

«Не хочуць, каб людзі ведалі, што яны вырашаюць пытанні, як ім выжыць, а не як людзям выжыць». «Яны нас за грамадзянаў лічаць увогуле, у прынцыпе? Мы для іх ніхто».

«У іх свае сакрэты ад нас – гэта толькі тлумачэнне гэтаму. – А можа, яны нечага баяцца? – А вы думалі?! А то!Канешне, баяцца. Народа баяцца!»

«Няхай звернецца ў судовую ўстанову. І ў парадку чарговасці напэўна разгледзяць там яго праблему».

Толькі суды найчасцей прымаюць бок чыноўнікаў, а не Канстытуцыі, пра што сведчаць выракі дзясяткаў судоў над журналістамі, напрыклад, нашага тэлеканалу. Ці гэтак жа будзе з Андрэем Павуком, даведаемся неўзабаве, калі суд паставіць кропку ў справе.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»