Чыноўнікі працуюць на кошт грамадзянаў, толькі з-за страху «атрымаць па шапцы»


Беларусь і Еўразвяз, будучыня партнёрства – тэма 16-га Менскага форуму. Сталіцу наведалі сотні дэлегатаў з 20 краінаў Еўропы, каб абмеркаваць палітычныя, эканамічныя і грамадскія ініцыятывы. Грамадзянін з ініцыятываю – не канкурэнт уладам, заяўляюць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Гэтую тэму абмяркавалі на другі дзень форуму.

У Беларусі выбудаваная моцная сістэма кіравання, але сістэма самакіравання амаль цалкам адсутнічае.

«Мясцовыя ўлады прызначаюцца зверху, а не абіраюцца мясцовымі жыхарамі. Яны падкантрольныя цэнтру, а не грамадзянам. І толькі праз боязь атрымаць па шапцы зверху мясцовыя чыноўнікі заахвочаныя рабіць нешта для мясцовых грамадзянаў», – кажа кіраўнік праекту «Зручны горад» Уладзімір Кавалкін.

Прадстаўнікі ўладаў пагаджаюцца, што сістэма дыялогу паміж чыноўнікамі ды грамадзянамі не ідэальная, але сцвярджаюць, што ў беларусаў хапае інструментаў для ўдзелу ў жыцці сваёй тэрытарыяльнай акругі. Аднак большасць прысутных на сустрэчы сумняецца ў эфектыўнасці наяўных спосабаў.

«Грамадскія слуханні ў пытаннях экалогіі і ў пытаннях будаўніцтва – гэта тыя інструменты, якія могуць больш-менш выкарыстоўвацца грамадзянамі і маюць вынік. Ёсць у людзей магчымасць схадзіць да свайго дэпутата, запісацца на прыём. Але гэтым карыстаюцца толькі людзі сталага веку, у якіх шмат вольнага часу, каб хадзіць па кабінетах і сядзець у чэргах», – каментуе Уладзімір Кавалкін.

На думку спікераў ад грамадзянскай супольнасці, пэўныя пазітыўныя зрухі ва ўзаемадзеянні ўладаў з мясцовымі жыхарамі за апошні час усё ж такі назіраюцца. І як прыклад – сённяшні дыялог. Аднак, каб яшчэ павысіць узровень даверу насельніцтва, чыноўнікам трэба быць больш адкрытымі для народу.

«У Менску праходзіць такая канферэнцыя, дзе прысутнічаюць і прадстаўнікі ўлады, і прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў, але такіх мерапрыемстваў вельмі бракуе ў рэгіёнах. Там папросту бракуе дыялогу», – распавядае Таццяна Караткевіч «Гавары праўду».

Паводле замежных спікераў Менскага форуму, магчымасці самакіравання ў Беларусі не ідуць ні ў якое параўнанне з еўрапейскімі: у ЕЗ ёсць і сістэма рэгіянальнага рэферэндуму, і выбары кіраўнікоў паселішчаў.

Міхась Ільін, belsat.eu