Чыноўнікі перасяляюцца ў вёску за бюджэтныя грошы


Грошы ў бюджэце – ёсць, але не для ўсіх. У вёсцы Новыя Цярэшкавічы, што пад Гомлем, у аўральным тэмпе вядзецца будаўніцтва камунікацыяў – новай дарогі, водаправоду ды іншага. Мясцовыя, аднак, незадаволеныя. Чаму?

Вёска Раманавічы – практычна прадмесце Гомля. Там будуюцца грамадзяне, што атрымалі надзелы паводле чаргі тых, каму патрабуецца жытло, – з вадой у каністрах і сваім генератарам.

«Камунікацыяў няма, дарогаў няма, прабіраемся да надзелу суседнімі надзеламі», – распавядае забудоўнік Аляксандр Стрэльчанка.

А гэтак выглядае будаўніцтва ў вёсцы Новыя Цярэшкавічы, усяго за 35 кіламетраў ад Раманавічаў. Намыты пясок з Сожу, пракладванне каналізацыі, падключэнне электрычнасці ды цалкам новая дарога.

«Гэта ўсё за бюджэтныя грошы, а колькі там грошай – я не ведаю. На гэта ёсць праект, і згодна з праектам усё робіцца», – тлумачыць Яўген Ігнацьеў, старшыня Цярэшкавіцкага сельвыканкаму.

Здаецца, бюджэт ідзе на камунальныя патрэбы, дык што ж у гэтым дрэннага? Але жыхары вёскі Новыя Цярэшкавічы распавядаюць:

«Пачалося месяц таму ці два, і ўсё рашылася. І грошы ёсць, і ўсё!»

«Мы назвалі – Цярэшкаўская Рублёўка. Багатыя людзі будуць будавацца там, 52 дамкі».

«Чыноўнікам заўсёды ёсць – дзверы заўсёды адчыненыя».

Мясцовыя перакананыя – менавіта чыноўніцтва будуецца на новых надзелах, а таму і грошы на новую дарогу хуценька знайшліся.

Хто можа пасяліцца ў Цярэшкаўскай Рублёўцы, спраўдзіць не складана. Спіс асобаў, што прэтэндуюць на зямлю ў вёсцы – вісіць у сельвыканкаме. Сярод іх Алег Кароўкін, намеснік дырэктара Гомельскага аблдарбуду, які кажа, што ад надзелу, аднак, адмовіўся:

«Я ў выніку адмовіўся. Я стаў на чаргу, год пастаяў, можа, менш нават, а потым адмовіўся».

Гэтаксама і Аляксандр Цалко, начальнік аддзелу транспарту і камунікацыяў Гомельскага аблвыканкаму:

«Я не атрымаў. І наўрад ужо буду атрымоўваць».

«Калі людзям трэба дарога, значыць будуць рабіць дарогу. І ў мяне покуль такога пытання няма на кантролі».

Мясцовыя кажуць, дарога – не лішняя. Але задаюць пытанне аб іншым. Віктар Казлоў, прадстаўнік Прафсаюзу РЭП у Гомельскай вобласці, жыхар суседняга аграгарадка Старыя Цярэшкавічы:

«Гляджу на пашпарт аб’екту, і не бачу кошту будаўніцтва. На любым пашпарце ёсць пачатак і заканчэнне будаўніцтва. І кошт».

Акурат пра кошт на пашпарце інфармацыі няма, а нешта даведацца – не так і проста. Ігар Ясько, адказны за тэхнічны агляд на аб‘екце:

«Я як бы не ўпаўнаважаны нейкую інфармацыю даваць. Звяртайцеся афіцыйна да нашага дырэктара, калі вас цікавіць гэтае пытанне».

Дырэктар КУДП «УКС Гомельскага раёну» Вячаслаў Такарэўскі размаўляць з намі па тэлефоне адмовіўся. Агулам, сітуацыя злуе жыхароў – кажуць, столькі праблемаў у наваколлі, а грошай на іх развязанне – гадамі не дабіцца. Акурат пра нявырашаныя пытанні ў суседніх Старых Цярэшкавічах мы распавядалі ў «Аб’ектыве» 1 ліпеня 2018:

«Зазіраем і ў іншыя куткі Цярэшкавічаў. Кацельня існуе ўжо дзесяцігоддзі. Вось толькі не падключаная, бо яе сістэма не пасуе да сістэмы ў дамах, а таму і ацяплення няма. «Куды ідуць фінансы, патокі – незразумела, няясна», – сведчыць жыхар Старых Цярэшкавічаў Уладзімір Шырокаў».

Аб’ектыў
Улады «адрадзілі» вёску – цяпер у ёй немагчыма жыць
2018.07.01 22:38

«У Беларусі, дзе няма грамадскага кантролю, чыноўнікі найперш кіруюцца ўласнымі інтарэсамі. Адпаведна, гамельчукі, простыя беларусы, вымушаныя чакаць, пакуль чыноўнікі пабудуюць сабе камунікацыі, жытло, і гэтак далей», – гаворыць грамадскі дзеяч Васіль Палякоў.

Адна радасць – дарога, усё ж такі не прыватная, а таму грошы з падаткаў прынамсі не змарнуюцца.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu