Чыноўнікі не спыняюцца. Павялічыць Сухарава коштам зносу 80 дамоў


Слугі народу размаўляць з народам не асабліва хочуць. Гэтак ад жыхароў сталічнага раёну Сухарава чыноўнікі адмежаваліся з дапамогай міліцыі. Толькі адзінкам удалося прабіцца ў адміністрацыю Фрунзенскага раёну, хаця справа датычыць больш як васьмідзесяці сем’яў – іх дамы збіраюцца знесці.

Жыхары Сухарава, якія бароняць свае дамы, прыйшлі да раённай адміністрацыі. Але давесці сваю пазіцыю да чыноўнікаў удалося не шмат каму: на перамовы трапілі ўсяго некалькі чалавек, астатніх – спыніла міліцыя.

Сілавікі кантралявалі і ахоўвалі ўваход у залу, дзе праходзіла сустрэча. Жыхары Сухарава, якія не трапілі на яе, напісалі скаргі ў пракуратуру.

«Гэта закранае нашыя інтарэсы – інтарэсы нашага жыцця. І мы вельмі засмучаныя, што ўлады нас не чуюць і не бачаць, хочуць знесці нашыя дамы».

«Я кожныя два-тры гады нешта дабудоўваю, дарабляю. І мне пісалі: вы застаяцеся ў зоне «не зносу». Мой дом – двухпавярховы, вялікі, а цяпер на гэтым месцы мае быць двухпавярховы паркінг».

«Будзем змагацца, калі нам не прапануюць нармальнага выйсця са становішча – не рабаўніцкага. Нас папросту хочуць абрабаваць: спрабуюць нам даць капейкі, а мы ўклалі туды ўсё», – абураныя жыхары Сухарава.

Паводле праекту забудовы, мікрараён Сухарава мае павялічыцца на сто семдзесят гектараў, і на месцы васьмідзесяці прыватных жылых дамоў паўстануць пяцьдзясят шматпавярховікаў. А гэта – дадатковая нагрузка не толькі на сацыяльную інфраструктуру, але і экалогію мікрараёну, кажуць эколагі.

«У табліцы асноўных паказчыкаў гэтага праекту раздзел «Ахова навакольнага асяроддзя» увогуле не запоўнены, што вельмі дзіўна. Мы задавалі пытанні падчас прэзентацыі праекту, чаму так, але ніякага ўцямнага адказу не атрымалі. А ў Фрунзенскім раёне, дзе размяшчаецца тэрыторыя праектавання, увогуле вельмі цяжкая сітуацыя з азеляненнем, агулам удвая менш, чым у раёне», – паведамляе сябра экалагічнай арганізацыі «Зялёны Дазор» Дзяніс Тушынскі.

Ушчыльненне Сухарава – толькі адзін з прыкладаў горадабудаўнічых праектаў, рэалізацыя якіх адбываецца без уліку інтарэсаў грамадзянаў. Змяніць гэткі падыход магчыма толькі супольнымі намаганнямі, заяўляюць грамадска-палітычныя актывісты.

«Мы, як хрысціянскія дэмакраты, прапаноўваем усім ініцыятывам аб’яднацца: і ў горадзе Менску і, магчыма, ва ўсёй Беларусі. Бо сутнасць гэтых праблемаў адна і тая ж: трэба спыніць ушчыльненне беларускіх гарадоў, трэба спыніць будаўніцтва небяспечных вытворчасцяў, як гэта ў шэрагу рэгіянальных гарадоў або побач з імі. І мы гэтую прапанову выносім», – кажа сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Пасля чарговага абмеркавання чыноўнікі паабяцалі ўлічыць гледзішчы ўсіх зацікаўленых бакоў. Жыхары Сухарава спадзяюцца, што словы не застануцца толькі словамі.

Галіна Абакунчык, belsat.eu