Чыноўнікі не паслухаліся Лукашэнкі. Акумулятарны завод – працуе


Дзяўчына нясе варту ля акумулятарнага завода.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Берасцейскія чыноўнікі праігнаравалі выказванне кіраўніка краіны на святкаванні 1000-годдзя Берасця пра тое, што ён на баку людзей. Актывісты заяўляюць, што на заводзе – паўнавартасная праца.

Больш за паўтара года на плошчу Леніна ў Берасці кожную нядзелю прыходзяць праціўнікі акумулятарнага заводу. Яны кормяць птушак і абменьваюцца апошнімі навінамі аб будаўніцтве прадпрыемства.

Праціўнікі заводу выйшлі на плошчу і сёння: кажуць, што будуць карміць птушак, пакуль прадпрыемства не закрыюць канчаткова.

«Калі будзе павешаны на каробку акумулятарнага заводу замок, калі будзе апячатаная брама і прахадная акумулятарнага заводу, тады мы перастанем сюды хадзіць», – кажа праціўнік будаўніцтва заводу Канстанцін Астапук.

«Наш кіраўнік шмат што кажа, шмат хлусіць, веры яму за 25 год кіравання няма ніякай. Яшчэ раз паўтараюся, пакуль на заводзе не пастаўлены крыж, трэба выходзіць на вуліцы і дабівацца свайго», – дадае іншы пратэстовец Андрэй Шарэнда.

Згадванне кіраўніка краіны не выпадковае. Роўна месяц таму Аляксандр Лукашэнка падчас віншавання берасцейцаў з 1000-годдзем выказаўся наконт сітуацыі вакол акумулятарнага заводу, заявіўшы, што ён на баку людзей. Але, паводле актывістаў, за гэты час глабальна нічога не змянілася.

«Або органы ўлады проста сабатуюць пачынанні прэзідэнта і яго даручэнні, або ёсць нейкае распараджэнне, пра якое мы не ведаем. Такую выснову я раблю на падставе тых лістоў якія мы зараз бачым. Асабліва здзіўляе пазіцыя міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя РБ якое намагаецца замыліць факты перавышэння выкідаў», – кажа праціўнік заводу Дзмітрый Бекалюк.

Яшчэ да заяваў Лукашэнкі былі выказванні чыноўнікаў пра тое, што пытанне з заводам трэба развязаць, а старшыня Берасцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс сёлета ў чэрвені нават прыпыніў працу прадпрыемства. Але як сведчаць актывісты свінцовай варты, «АйПаўэр» працуе.

«Тут кожную раніцу прыязджаюць працоўныя, прывозяць бус, было каля 30 чалавек. Зараз іх трохі меней, былі шумы, мы чулі, не маглі зразумець у чым справа. Ваду зліваюць, нешта зліваюць. У прынцыпе паўнавартасны працоўны дзень», – дадае актывістка свінцовай варты Наталля.

Каб змаганне было больш эфектыўным, чатыры праціўнікі заводу акумулятарных батарэяў – Аляксандр Кабанаў, Алена Макарэвіч, Раман Кісляк і Уладзімір Мароз – вырашылі вылучыць свае кандыдатуры на выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Рэпартаж Алеся Ляўчука глядзіце ў поўным выданні навінаў за 6 кастрычніка