Чыноўнікі не дапамаглі. Жыхары дому, дзе гадамі цячэ вада, звярнуліся да «Белсату»


Звярталіся да камунальнікаў і да чыноўнікаў усяе абласное вертыкалі… Усялякія спробы паўплываць на сітуацыю – вычарпаныя. Затое як цякла гадамі, так і цячэ вада праз шчыліны ў даху і паміж плітамі дому нумар 16 вуліцы Жамчужнай у Магілёве. Па дапамогу жыхары звярнуліся да «Белсату».

Узброены ключом да тэхнічнага паверху і ліхтаром… Анатоль Савельеў, жыхар дому 16 па вул. Жамчужнай, у дождж і адлігу нясе вахту над сваёй кватэраю – збірае і выносіць ваду вёдрамі:

«Ну вось гэта ўжо гадоў 8 як яны зрабілі, яно ўсё роўна тут цякло і цячэ пастаянна».

Камунальныя службы на працягу гэтых год з праблемаю змагаюцца… але безвынікова. Плачуць дажджлівымі слязамі дах і швы на стыках плітаў верхніх паверхаў у доме нумар 16 на вуліцы Жамчужная ў Магілёве.

Праблему відаць з лесвічнай пляцоўкі. Найгорш – на дзявятым – апошнім паверсе. Пад фарбаю пузыры і шкодны для здароўя грыб, умовы для распаўсюду якога тут ідэальныя. У кватэры 108 Ганны Масяёнак шпалеры вісяць як фіранкі. Малюнкі волкасці распаўзліся па столі ў кожным памяшканні. Пацёкі на сценах – па ўсёй даўжыні – у калідоры і ў кухні…

«Дзяржстрах мне троху выплаціў і ўсё, ніхто нічога не робіць. Я не магу нават зрабіць нейкі рамонт», – кажа Ганна Масяёнак.

У змаганні за годныя ўмовы жыцця жанчына напісала безліч зваротаў да камунальнікаў і ў выканкамы:

«Я ўжо ні на што не спадзяюся, адно толькі абяцанкі-цацанкі. Нікому няма справы, я так зразумела. На гэтую сітуацыю ніхто не рэагуе».

На працягу некалькіх гадоў ліставання жыхарка дамаглася… толькі пастаноўкі пытання на ўлік. Адказнае за ўчастак ЖЭУ-9 каля 6 гадоў утрымлівала пытанне на заплатах. Урэшце паабяцала:

«Работы па рамонце пакрыцця на даху ў месцах пашкоджанняў над пад’ездам №3 дому №16 па вуліцы Жамчужнай уключаныя ў план па бягучым рамонце на 2019-ы год».

Год даўгі, а пытанне тэрміновае – кажа Таццяна Тарасава, жыхарка трэцяга пад’езду:

«Мы напісалі ў Аблвыканкам, адкуль атрымалі адказ, што наш ліст накіраваны на гарвыканкам. Вось яно будзе хадзіць цяпер па коле… А неўзабаве вясна».

Растане снег і прынясе чарговую залеву. Можа ўсё ж атрымаецца тэрмінова дапамагчы людзям, і гэтым разам зрабіць комплексны рамонт?

«Будзе здымацца стары слой і ўкладацца новы, калі настануць спрыяльныя ўмовы надворʼя. Беларусь знаходзіцца ў такіх умовах надворʼя, што летам можа быць снег, а зімою можа быць цёпла…» – гаворыць намеснік загадчыка ЖЭУ-9 Сяргей Ніжнікаў, Магілёў.

Надзвычай спадзяецца на капрамонт жыхар кватэры 72 Мікалай Пімашкоў, бо калі дом залівала, ліфт не працаваў на працягу чатырох дзён. Для чалавека з праблемамі рухавага апарату хаджэнне па лесвіцы – пытанне балючае.

Юлія Цяльпук, belsat.eu